Главная страница сайта Небесное Искусство Главная страница сайта Небесное Искусство Главная страница сайта Небесное Искусство
Если есть какое-то осуждение в вашем сердце, ваше сердце будет заморожено этим осуждением. Мастер дзен
Кликните мышкой 
для получения страницы с подробной информацией.
Блог в ЖЖ
Карта сайта
Архив новостей
Обратная связь
Форум
Гостевая книга
Добавить в избранное
Настройки
Инструкции
Главная
Западная Литература
Х.К. Андерсен
Карты путешествий
Ресурсы в Интернете
Р.М. Рильке
У. Уитмен
И.В. Гете
М. Сервантес
Восточная Литература
Фарид ад-дин Аттар
Живопись
Фра Анжелико
Книги о живописи
Философия
Эпиктет
Духовное развитие
П.Д. Успенский
Дзен. 10 Быков
Сервисы сайта
Мудрые Мысли
От автора
Авторские притчи
Помощь сайту
 

 

Текущая фаза Луны

Текущая фаза Луны

16 октября 2019

 

Главная  →  Х.К. Андерсен  →  Сказки  →  Переводы сказок  →  Все сказки на белорусском языке  →  Русалачка

Случайный отрывок из текста: Фарид ад-дин Аттар. Рассказы о святых. Хазрат Джунайд
... У Джунайда был любимый ученик. Другие ученики завидовали ему. Чтобы расставить все по своим местам, Джунайд собрал их вместе, вручил каждому по ножу и петуху и велел зарезать птиц, но так, чтобы никто не увидел. Все ученики вернулись с забитыми петухами, лишь его любимый ученик не зарезал петуха. На вопрос, почему он не убил его, тот ответил, что не мог найти такого места, где бы его не видел Всевышний и где бы он мог в одиночестве совершить это. Другие ученики осознали его превосходство над ними и поклонились ему. ...  Полный текст


Выберите из раздела сказок Андерсена:

Перечень сказок:
по году издания
по алфавиту
по популярности
по оценкам читателей
случайная сказка

Переводы сказок:
на белорусском
на украинском
на монгольском
на английском
на французском
на испанском

Иллюстрации к сказкам:
В. Педерсен
Л, Фрюлих
Э. Дюлак
современные художники

Примечания к сказкам:
Примечания

Выберите из раздела Андерсена:

Повести и романы, стихи, автобиографии, путевые заметки, письма, портреты, фотографии, вырезки, рисунки, литература об Андерсене, раздел Андерсена на форуме.
   

Эту сказку можно посмотреть на 2-х языках одновременно
Выберите языки:
и  

 
Оцените эту сказку:
Кликните мышкой 
для получения страницы с подробной информацией.
Всего оценок: 8, средняя: 3.5 (от 1 до 5)
   

Русалачка

 

Далёка ў моры вада сіняя-сіняя, як пялёсткі самых прыгожых васількоў, празрыстая-празрыстая, як самае чыстае шкло, толькі вельмі глыбокая, такая глыбокая, што ніякага якарнага каната не хопіць. Шмат званіц трэба паставіць адна на адну, тады толькі верхняя выгляне на паверхню. Там на дне жыве падводны народ.

Але не падумайце, што дно голае, адзін толькі белы пясок. Не, там растуць незвычайныя дрэвы і кветкі з такімі гнуткімі сцяблінамі і лісцем, што яны варушацца, нібы жывыя, ад самага малога руху вады. А між галін ходзіць туды-сюды рыба, вялікая і маленькая, зусім як птушкі лятаюць у паветры ў нас наверсе. У самым глыбокім месцы стаіць палац марскога цара — сцены яго з каралаў, высокія стральчатыя вокны з самага чыстага бурштыну, а дах увесь з ракавін; яны то адкрываюцца, то закрываюцца, у залежнасці ад таго, прыліў ці адліў, і гэта вельмі прыгожа, бо ў кожнай ляжаць зіхатлівыя жамчужыны і любая была б цудоўным упрыгожаннем у кароне самой каралевы.

Марскі цар даўным-даўно аўдавеў, і гаспадаркай у яго кіравала старая маці, жанчына разумная, толькі надта ўжо ганарылася яна сваёй знатнасцю: на хвасце старая насіла аж дванаццаць вустрыц, тады як іншым вяльможам дазвалялася толькі шэсць. У астатнім жа яна заслугоўвала ўсялякай пахвалы, асабліва таму, што душы не чула ў сваіх маленькіх унучках — прынцэсах. Іх было шэсць, усе прыгожанькія, але мілейшай за ўсіх была самая малодшая, са скурай чыстай і пяшчотнай, як пялёстак ружы, з вачыма сінімі і глыбокімі, як мора. Толькі ў яе, як, зрэшты, і ў астатніх, ног не было, а замест іх быў хвост, як у рыбы.

Цэлы дзень гулялі прынцэсы ў палацы, у прасторных пакоях, дзе са сцен раслі жывыя кветкі. Расчыняліся вялікія бурштынавыя вокны, і ўсярэдзіну заплывала рыба, зусім як у нас ластаўкі залятаюць у хату, калі вокны адчынены насцеж, толькі рыба падплывала проста да маленькіх прынцэс, брала з іх рук ежу і дазваляла сябе гладзіць.

Перад палацам быў вялікі сад, у ім раслі агніста-чырвоныя і цёмна-сінія дрэвы, плады іх ззялі золатам, кветкі — гарачым агнём, а сцябліны і лісце бесперастанна гайдаліся. Зямля была суцэльным дробным пяском, толькі блакітнаватым, як сернае полымя. Усё там унізе адлівала якойсьцю асаблівай сінечаю, — можна было падумаць, быццам стаіш не на дне марскім, а ў паветранай вышыні, і неба ў цябе не толькі над галавой, але і пад нагамі. У бязветраны дзень з дна відаць было сонца, яно здавалася пурпурнай кветкай, з чашы якой ліецца святло.

У кожнай прынцэсы была ў садзе свая мясцінка, тут яны маглі капаць і садзіць, што хацелі. Адна зрабіла сабе градку для кветак у выглядзе кіта, другой уздумалася, каб яе градка выглядала русалкай, а самая малодшая зрабіла сабе градку, круглую, як сонца, і кветкі на ёй садзіла такія ж пунсовыя, як яно само. Дзіўнае дзіця была гэта русалачка, ціхае, задуменнае. Іншыя сёстры ўпрыгожвалі сябе ўсякай усячынай, якую знаходзілі на затопленых караблях, а яна толькі і любіла, што кветкі ярка-чырвоныя, як сонца, там, наверсе, ды яшчэ прыгожую мармуровую статую. Гэта быў цудоўны хлопчык, высечаны з чыстага белага каменя, які апусціўся на дно марское пасля караблекрушэння. Каля статуі русалачка пасадзіла ружовую ніцую вярбу, яна пышна разраслася і звешвала свае галіны над статуяй да блакітнага пясчанага дна, дзе атрымліваўся фіялетавы цень, які зыбаўся ў лад гайданню галін, і ад гэтага здавалася, быццам верхавіна і карані лашчуцца адно да аднаго.

Больш за ўсё русалачка любіла слухаць расказы пра свет людзей там, наверсе. Старой бабулі давялося расказаць ёй усё, што яна ведала пра караблі і гарады, пра людзей і жывёл. Асабліва дзівосным і незвычайным здавалася русалачцы тое, што кветкі на зямлі пахнуць, — не тое, што тут, на марскім дне, — лясы там зялёныя, а рыба сярод галін спявае так гучна і прыгожа, што проста заслухаешся. Рыбай бабуля называла птушак, інакш унучкі не зразумелі б яе: яны ж зроду не бачылі птушак.

— Калі вам споўніцца пятнаццаць гадоў, — казала бабуля, — вам дазволяць усплываць на паверхню, сядзець у месячным святле на скалах і глядзець на вялізныя караблі, якія праплываюць міма, на лясы і гарады!

У гэтым годзе старэйшай прынцэсе якраз спаўнялася пятнаццаць гадоў, але сёстры былі пагодкамі, і выходзіла так, што толькі праз пяць гадоў самая малодшая зможа падняцца з дна марскога і ўбачыць, як жывецца нам тут, наверсе. Ды кожная абяцала расказаць астатнім, што яна ўбачыла і што ёй больш за ўсё спадабалася ў першы дзень, — бабуліных расказаў ім было мала, хацелася ведаць як мага больш.

Ніводную з сясцёр не вабіла так на паверхню, як самую малодшую, ціхую, задуменную русалачку, якой даводзілася чакаць даўжэй за ўсіх. Ноч за ноччу праводзіла яна каля адчыненага акна і ўсё глядзела наверх праз цёмна-сінюю ваду, у якой плёскала хвастамі і плаўнікамі рыба. Месяц і зоркі бачыліся ёй, і хоць свяцілі яны зусім цьмяна, затое здаваліся праз ваду нашмат большымі, чым нам. А калі пад імі нібы плыло цёмнае воблака, ведала яна, што гэта ці кіт праплывае, ці карабель, а на ім шмат людзей, і ўжо, канешне, ім і ў галаву не прыходзіла, што ўнізе пад імі прыгожанькая русалачка цягнецца да карабля сваімі белымі рукамі.

І вось старэйшай прынцэсе споўнілася пятнаццаць гадоў, і ёй дазволілі ўсплыць на паверхню.

Колькі было расказаў, калі яна вярнулася назад! Ну, а лепш за ўсё, расказвала яна, было ляжаць у месячным святле на водмелі, калі мора спакойнае, і разглядваць вялікі горад на беразе: быццам сотні зорак, там мігцелі агні, чулася музыка, шум экіпажаў, гамана людзей, віднеліся званіцы і шпілі, званілі званы. І якраз таму, што туды ёй нельга было, туды і цягнула яе больш за ўсё.

Як прагна слухала яе расказы самая малодшая сястра! А потым, вечарам, стаяла каля адчыненага акна і глядзела наверх праз цёмна-сінюю ваду і думала пра вялікі горад, шумны і ажыўлены, і ёй здавалася нават, што яна чуе, як звоняць званы.

Праз год і другой сястры дазволілі падняцца на паверхню і плыць куды пажадае. Яна вынырнула з вады якраз у тую хвіліну, калі сонца заходзіла, і вырашыла, што больш дзівоснага відовішча няма на свеце. Неба было ўсё залатое, сказала яна, а воблакі — ах, у яе проста няма слоў апісаць, якія яны прыгожыя! Чырвоныя і фіялетавыя, плылі яны па небе, але яшчэ хутчэй ляцела да сонца, нібы доўгі белы вэлюм, чарада дзікіх лебедзяў. Яна таксама паплыла да сонца, але яно апусцілася ў ваду, і ружовы водбліск на моры і аблоках патух.

Яшчэ праз год паднялася на паверхню трэцяя сястра. Гэта была смялейшая за ўсіх і праплыла ў шырокую раку, якая ўпадала ў мора. Яна ўбачыла там зялёныя ўзгоркі з вінаграднікамі, а з гушчару цудоўнага лесу выглядвалі палацы і сядзібы. Яна чула, як спяваюць птушкі, а сонца прыгравала так моцна, што ёй не раз даводзілася ныраць у ваду, каб астудзіць свой палымяны твар. У бухце ёй трапіўся цэлы гурт маленькіх чалавечых дзяцей, яны бегалі галышом і плюхаліся ў вадзе. Ёй захацелася пагуляць з імі, але яны спалохаліся яе і ўцяклі, а замест іх з'явіўся нейкі чорны звярок — гэта быў сабака, толькі ж ёй яшчэ ні разу не даводзілася бачыць сабаку — і забрахаў на яе так страшна, што яна перапалохалася і паплыла назад у мора. Але ніколі не забыць ёй дзівоснага лесу, зялёных узгоркаў і прыгожых дзяцей, якія ўмеюць плаваць, хаця і няма ў іх рыбінага хваста.

Чацвертая сястра не была такой смелай, яна плавала ў адкрытым моры і лічыла, што там якраз і было лепш за ўсё: мора відаць вакол на вельмі многа міль, неба над галавой як велізарны шкляны купал. Бачыла яна і караблі, толькі зусім здалёку, і выглядалі яны амаль як чайкі, а яшчэ ў моры куляліся гарэзлівыя дэльфіны і кіты пускалі з ноздраў ваду, таму здавалася, быццам вакол білі сотні фантанаў.

Дайшла чарга і да пятай сястры. Яе дзень нараджэння быў зімой, і таму яна ўбачыла тое, чаго не ўдавалася ўбачыць іншым. Мора было зусім зялёнае, расказвала яна, усюды плавалі вялізныя ледзяныя горы, кожная нібы жамчужына, толькі куды вышэйшая за любую званіцу, пабудаваную людзьмі. Яны былі самага мудрагелістага выгляду і ззялі, быццам алмазы. Яна ўселася на самую вялікую з іх, вецер развяваў яе доўгія валасы, і матросы спалохана абыходзілі гэтае месца далей. Да вечара неба зацягнулася хмарамі, забліскалі маланкі, загрымеў гром, пачарнелае мора ўзнімала ўгору вялізныя ледзяныя глыбы, якія асвятляліся ўспышкамі маланак. На караблях здымалі ветразі, вакол быў страх і жах, а яна хоць бы што плыла на сваёй ледзяной гары і пазірала, як маланкі сінімі зігзагамі б'юць у мора.

Так вось і было: выплывае якая-небудзь з сясцёр першы раз на паверхню, захапляецца ўсім новым і прыгожым, ну а тады, калі дарослай дзяўчынай можа падняцца наверх у любую хвіліну, усё становіцца для яе нецікавым і яна імкнецца дамоў і ўжо праз месяц гаворыць, што ў іх унізе лепш, чым дзе, толькі тут і адчуваеш сябе дома.

Часта па вечарах, абняўшыся, усплывалі пяць сясцёр на паверхню. Ва ўсіх былі дзівосныя галасы, як ні ў кога з людзей, і калі пачыналася бура, якая пагражала гібеллю караблям, яны плылі перад караблямі і спявалі так соладка аб тым, як добра на марскім дне, угаворвалі матросаў без боязі спусціцца ўніз. Толькі матросы не маглі разабраць слоў, ім здавалася, што гэта проста шуміць бура, ды і не давялося б ім убачыць на дне ніякіх дзівосаў — калі карабель тануў, людзі захлыналіся і траплялі ў палац марскога цара ўжо мёртвыя.

Малодшая ж русалачка, калі сёстры яе ўсплывалі вось так на паверхню, заставалася адна-адзінюткая і глядзела ім ўслед, і ёй хацелася плакаць, ды толькі русалкам не дадзена слёз, і ад гэтага ёй было яшчэ горш.

— Ах, калі ж мне будзе пятнаццаць гадоў! — казала яна. — Я ведаю, што вельмі палюблю той свет і людзей, якія там жывуць!

Нарэшце і ёй споўнілася пятнаццаць гадоў.

— Ну вось, выгадавалі і цябе! — сказала бабуля, каралева-ўдава. — Падыдзі ж сюды, я ўпрыгожу цябе, як астатніх сясцёр!

І яна надзела русалачцы на галаву вянок з белых лілей, толькі кожны пялёстак быў палавінкай жамчужыны, а потым начапіла ёй на хвост восем вустрыц у знак яе высокага сану.

— Ды гэта балюча! — сказала русалачка.

— Каб быць прыгожай, можна і пацярпець! — сказала бабуля.

Ах, з якой ахвотай скінула б русалачка ўсю гэту пышнасць і цяжкі вянок! Чырвоныя кветкі з яе градкі падышлі б ёй куды больш, але нічога не паробіш.

— Бывайце! — сказала яна і лёгка і плаўна, быццам бурбалачка паветра, паднялася на паверхню.

Калі яна падняла галаву над вадой, сонца толькі што села, але аблокі яшчэ адсвечвалі ружовым і залатым, а ў блякла-чырвоным небе ўжо запаліліся ясныя вячэрнія зоркі; паветра было мяккае і свежае, мора спакойнае. Непадалёку стаяў трохмачтавы карабель з адным паднятым ветразем — не было ні самага малога ветрыку. Усюды на снасцях і рэях сядзелі матросы. З палубы чуліся музыка і спевы, а калі зусім сцямнела, сотні рознакаляровых ліхтарыкаў асвяцілі карабель, і ў паветры быццам бы замільгалі сцягі ўсіх нацый. Русалачка падплыла прама да акна каюты, і кожны раз, калі яе прыпадымала хваляй, яна магла зазірнуць усярэдзіну праз празрыстае шкло. Там было шмат прыгожа апранутых людзей, але прыгажэйшым за ўсіх быў малады прынц з вялікімі чорнымі вачыма. Яму, пэўна, было не больш за шаснаццаць гадоў. Святкаваўся дзень нараджэння, таму на караблі і было так весела. Матросы танцавалі на палубе, а калі выйшаў туды малады прынц, у неба ўзляцелі сотні ракет, і стала светла як днём, нават русалачка зусім перапалохалася і нырнула ў ваду, але хутка зноў высунула галаву, і здавалася, нібы ўсе зоркі з неба падаюць да яе ў мора. Ніколі яшчэ не бачыла яна такога феерверка. Круціліся колам вялізныя сонцы, узлятала ў сінюю высь дзівосная вогненная рыба, і ўсё гэта адлюстроўвалася ў ціхай, яснай вадзе. На самім караблі было так светла, што можна было адрозніць кожны канат, а людзей і тым больш. Ах, які прыгожы быў малады прынц! Ён паціскаў усім рукі, усміхаўся і смяяўся, а музыка ўсё грымела і грымела ў цудоўную ноч.

Ужо было позна, а русалачка ўсё не магла вачэй адарваць ад карабля і ад вельмі прыгожага прынца. Патухлі рознакаляровыя ліхтарыкі, не ўзляталі больш ракеты, не грукаталі гарматы, затое загуло і забурчала ў глыбіні марской. Русалачка гайдалася на хвалях і ўсё заглядвала ў каюту, а карабель пачаў набіраць ход, адзін за адным распускаліся ветразі, усё вышэй узнімаліся хвалі, збіраліся хмары, далёка забліскалі маланкі.

Насоўвалася бура, матросы пачалі здымаць ветразі. Карабель, разгойдваючыся, плыў па разгневаным моры, хвалі ўзнімаліся вялізнымі чорнымі гарамі, імкнучыся перакаціцца цераз мачту, а карабель ныраў, быццам лебедзь, між высозных валоў і зноў узнімаўся на грэбень грувасткай хвалі. Русалачцы ўсё гэта здавалася прыемнай прагулкай.

Карабель стагнаў і трашчаў; вось падалася пад ударамі хваляў тоўстая абшыўка бартоў, хвалі захліснулі карабель, пераламалася папалам, як чарацінка, мачта, карабель лёг на бок, і вада хлынула ў трум. Тут ужо русалачка зразумела, якая небяспека пагражае людзям, — ёй і самой даводзілася ўхіляцца ад бярвення і абломкаў, якія насіліся па хвалях. На хвіліну стала цёмна, хоць вока выкалі, але вось бліснула маланка, і русалачка зноў убачыла людзей на караблі. Кожны ратаваўся як мог. Яна шукала вачыма прынца і ўбачыла, як ён упаў у ваду, калі карабель разваліўся на часткі. Спярша яна вельмі ўзрадавалася — ён жа трапіць цяпер да яе на дно, але тут жа ўспомніла, што людзі не могуць жыць у вадзе і ён прыплыве ў палац яе бацькі толькі мёртвым. Не, не, ён не павінен памерці! І яна паплыла між бярвення і дошак, зусім не думаючы аб тым, што яны могуць яе раздушыць. Яна то нырала глыбока, то ўзлятала на хвалю і нарэшце даплыла да юнага прынца. Ён амаль ужо зусім выбіўся з сіл і плыць па бурным моры не мог. Рукі і ногі адмаўляліся яму служыць, прыгожыя вочы заплюшчыліся, і ён патануў бы, калі б не з'явілася яму на дапамогу русалачка. Яна прыўзняла над вадой яго галаву і дала магчымасць хвалям несці іх абоіх хоць куды...

Да раніцы бура сціхла. Ад карабля не засталося і трэскі. Зноў заззяла над вадой сонца і як быццам вярнула фарбы шчокам прынца, але вочы яго ўсё яшчэ былі заплюшчаны.

Русалачка адкінула з ілба прынца валасы, пацалавала яго ў высокі прыгожы лоб, і ёй падалося, што ён падобны на мармуровага хлопчыка, які стаіць у яе садзе. Яна пацалавала яго яшчэ раз і пажадала, каб ён выжыў.

Нарэшце яна ўбачыла сушу, высокія сінія горы, на вяршынях якіх, нібы чароды лебедзяў, бялелі снягі. Каля самага берага зелянелі дзівосныя лясы, а перад імі стаяла не то царква, не то манастыр — яна не магла сказаць дакладна, ведала толькі, што гэта быў будынак. У садзе раслі апельсінавыя і лімонныя дрэвы, а каля самых варотаў — высокія пальмы. Мора ўразалася тут у бераг невялікім залівам, ціхім, але вельмі глыбокім, са скалой, каля якой мора намыла дробнага белага пяску. Сюды якраз і прыплыла русалачка з прынцам і паклала яго на пясок так, каб галава была крыху вышэй на сонцы.

Тут у высокім белым будынку зазванілі званы, і ў сад высыпаў цэлы натоўп маладых дзяўчат. Русалачка адплыла далей за высокія камяні, якія тарчалі з вады, накрыла свае валасы і грудзі марской пенай, так што цяпер ніхто не заўважыў бы яе твару, і пачала чакаць, ці не прыйдзе хто на дапамогу няшчаснаму прынцу.

Неўзабаве да скалы падышла маладая дзяўчына і спачатку вельмі спалохалася, але тут жа пасмялела і паклікала іншых людзей, і русалачка ўбачыла, што прынц ажыў і ўсміхнуўся ўсім, хто быў каля яго. А ёй ён не ўсміхнуўся, ён нават не ведаў, што яна выратавала яму жыццё. Засумавала русалачка, і калі прынца завялі ў вялікі будынак, яна сумна нырнула ў ваду і паплыла дамоў.

Цяпер яна стала яшчэ цішэйшай, яшчэ больш задуменнай, чым раней. Сёстры цікавіліся, што яна бачыла ўпершыню на паверхні мора, але яна нічога ім не расказала.

Часта раніцамі і вечарамі прыплывала яна да таго месца, дзе пакінула прынца. Яна бачыла, як паспявалі ў садзе плады, як іх потым збіралі, бачыла як растаў снег на высокіх гарах, але прынца так больш і не бачыла і вярталася дамоў кожны раз усё больш маркотнай. Адзінай радасцю было для яе сядзець у сваім садзе, абхапіўшы рукамі прыгожую мармуровую статую, падобную на прынца, але свае кветкі яна больш не даглядала. Яны здзічэлі і разрасліся па дарожках, перапляліся сцяблінамі і лісцем з галінамі дрэў, і ў садзе стала зусім цёмна.

Нарэшце яна не вытрымала і расказала пра ўсё адной з сясцёр. Потым даведаліся і астатнія сёстры, але больш ніхто, хіба што яшчэ дзве-тры русалкі ды іхнія самыя блізкія сяброўкі. Адна з іх таксама ведала аб прынцу, бачыла свята на караблі і нават ведала, адкуль родам прынц і дзе яго каралеўства.

— Паплылі разам, сястрыца! — сказалі русалачцы сёстры і, абняўшыся, падняліся на паверхню мора каля таго месца, дзе стаяў палац прынца.

Палац быў узведзены са светла-жоўтага бліскучага каменя, з вялікімі мармуровымі лесвіцамі; адна з іх спускалася проста да мора. Прыгожыя пазалочаныя купалы ўзвышаліся над дахам, а паміж калонамі, якія абкружалі будынак, стаялі мармуровыя статуі, зусім як жывыя людзі. Праз высокія люстраныя вокны былі відаць раскошныя пакоі; усюды віселі дарагія шаўковыя фіранкі, былі разасланы дываны, а сцены ўпрыгожвалі вялікія карціны. Цуд, ды і толькі! Пасярод самай вялікай залы журчаў фантан; струмені вады білі высока-высока пад шкляны купал, праз які ваду і дзіўныя расліны, па краях басейна, асвятляла сонца.

Цяпер русалачка ведала, дзе жыве прынц, і пачала прыплываць да палаца амаль кожны вечар ці кожную ноч. Ніводная з сясцёр не асмельвалася падплываць да зямлі так блізка, ну а яна заплывала нават у вузкі канал, што праходзіў якраз пад мармуровым балконам, ад якога падаў на ваду доўгі цень. Тут яна спынялася і падоўгу глядзела на юнага прынца, а ён жа думаў, што гуляе пры святле месяца адзін-адзінюткі.

Шмат разоў бачыла яна, як ён катаўся з музыкантам на сваёй шыкоўнай лодцы, упрыгожанай трапяткімі сцягамі. Русалачка пазірала з зялёнага трыснягу, і калі людзі часам заўважалі, як трапеча на ветры яе доўгі серабрыста-белы вэлюм, ім здавалася, што гэта плёскае крылам лебедзь.

Шмат разоў чула яна, як гаварылі аб прынцу рыбакі, якія лавілі па начах з факелам рыбу, яны расказвалі аб ім шмат добрага, і русалачка радавалася, што выратавала яму жыццё, калі амаль нежывога, насіла па хвалях; яна прыгадвала, як яго галава ляжала на яе грудзях і як пяшчотна пацалавала яна яго тады. А ён жа нічога не ведаў пра яе, яна яму і прысніцца не магла!

Усё больш і больш пачынала русалачка любіць людзей, усё мацней цягнула яе да іх; іхні зямны свет здаваўся ёй значна большым, чым яе падводны, яны маглі ж пераплываць на сваіх караблях мора, узбірацца на высокія горы вышэй за аблокі, а іхнія краіны з лясамі і палямі раскінуліся так шырока, што і вокам не ахопіш! Вельмі хацелася русалачцы пабольш даведацца пра людзей, пра іх жыццё, але сёстры не маглі адказаць на ўсе яе пытанні, і яна звярталася да бабулі: старая добра ведала «вышэйшы свет», як яна справядліва называла зямлю, што ляжала над морам.

— Калі людзі не топяцца, — пыталася русалачка, — тады яны жывуць вечна, не паміраюць, як мы?

— Ну што ты! — адказвала старая. — Яны таксама паміраюць, іхні век нават карацейшы за наш. Мы жывём трыста гадоў; толькі калі мы перастаем быць, нас не хаваюць, у нас нават няма магіл, мы проста ператвараемся ў марскую пену.

— Я б аддала ўсе свае сотні гадоў за адзін дзень чалавечага жыцця, — прамовіла русалачка.

— Глупства! Не трэба і думаць пра гэта! — сказала старая. — Нам тут жывецца куды лепш, чым людзям на зямлі!

— Значыць, і я памру, стану марской пенай, не буду больш чуць музыкі хваляў, не ўбачу ні дзівосных кветак, ні чырвонага сонца! Няўжо я ніяк не магу пажыць сярод людзей?

— Можаш, — сказала бабуля, — няхай толькі хто-небудзь з людзей палюбіць цябе так, што ты станеш яму даражэйшай за бацьку і маці, калі ты завалодаеш усім яго сэрцам і ўсімі думкамі, калі ён ажэніцца з табой і паклянецца ў вечнай вернасці. Але гэтага не можа быць ніколі! Бо тое, што ў нас лічыцца прыгожым — твой рыбін хвост, напрыклад, — людзі лічаць брыдкім. Яны нічога не разумеюць у прыгажосці; на іх меркаванне, каб быць прыгожым, трэба абавязкова мець дзве нязграбныя падпоркі — ногі, так яны іх называюць.

Русалачка глыбока ўздыхнула і сумна паглядзела на свой рыбін хвост.

— Будзем жыць — не тужыць! — сказала старая. — Павесялімся ўдосталь, трыста гадоў — тэрмін немалы... Сягоння вечарам у нас у палацы баль!

Вось было хараство, якога не ўбачыш на зямлі! Сцены і столь танцавальнай залы былі з тоўстага, але празрыстага шкла; уздоўж сцен радамі ляжалі сотні вялізных пурпуровых і травяніста-зялёных ракавін з блакітнымі агеньчыкамі ўсярэдзіне; агні гэтыя ярка асвятлялі ўсю залу, а праз шкляныя сцены — і мора вакол. Відаць было, як да сцен падплываюць чародкі вялікіх і маленькіх рыб, і луска іх пераліваецца золатам, серабром, пурпурам.

Пасярод залы вада бегла шырокай плынню, і ў ёй танцавалі пад свае дзівосныя спевы вадзянікі і русалкі. Такіх цудоўных галасоў не бывае ў людзей. Русалачка спявала лепш за ўсіх, і ўсе пляскалі ёй у ладкі. На хвіліну яна павесялела з думкай аб тым, што ні ў кога і нідзе, ні ў моры, ні на зямлі, няма такога цудоўнага голасу, як у яе; але потым яна зноў пачала думаць пра надводны свет, аб прыгожым прынцу, і засумавала. Непрыкметна выслізнула яна з палаца і, пакуль там спявалі і весяліліся, маркотна сядзела ў сваім садку. Раптам зверху данесліся гукі валторнаў, і яна падумала: «Вось ён зноў катаецца на лодцы! Як я люблю яго! Больш, чым бацьку і маці! Я належу яму ўсім сэрцам, усімі сваімі думкамі, яму я б ахвотна ўручыла шчасце ўсяго майго жыцця! На ўсё б я пайшла — каб толькі б мне быць з ім. Пакуль сёстры танцуюць у бацькоўскім палацы, паплыву ж я да ведзьмы марской. Я заўсёды баялася яе, але можа, яна штосьці параіць ці як-небудзь дапаможа мне!»

І русалачка паплыла са свайго садка да бурлівых віроў, за якімі жыла ведзьма. Яшчэ ні разу не даводзілася ёй праплываць гэтай дарогай; тут не раслі ні кветкі, ні нават трава — навакол быў толькі голы шэры пясок; вада за ім бурліла і шумела, як пад млынавым колам, і ўцягвала за сабой у бяздонне ўсё, што толькі сустракала на сваім шляху. Якраз між такіх бурлівых віроў і давялося плыць русалачцы, каб трапіць у той край, дзе ўладарыла ведзьма. Далей шлях ляжаў праз гарачы пузырысты іл, гэтае месца ведзьма называла сваім тарфяным балотам. А там ужо было рукой падаць да яе жытла, абкружанага дзіўным лесам: замест дрэў і кустоў у ім раслі паліпы — паўжывёліны-паўрасліны, падобныя на стогаловых змеяў, якія вырасталі проста з пяску; галіны іх былі падобныя на доўгія слізготкія рукі з пальцамі, звівістымі, як чарвякі; паліпы ні на хвіліну не пераставалі варушыцца ад кораня да самай верхавіны і хапалі гнуткімі пальцамі ўсё, што толькі ім траплялася, і ўжо больш не выпускалі. Русалачка з перапуду спынілася, сэрцайка яе закалацілася ад страху, яна гатова была вярнуцца, але прыгадала прынца і набралася смеласці: моцна завязала вакол галавы свае доўгія валасы, каб у іх не ўчапіліся паліпы, скрыжавала на грудзях рукі і, як рыба, паплыла між агідных паліпаў, якія цягнуліся да яе сваімі звівістымі рукамі. Яна бачыла, як моцна, нібы жалезнымі абцугамі, трымалі яны сваімі пальцамі ўсё, што ўдалося ім схапіць: белыя шкілеты людзей, якія ўтапіліся, карабельныя рулі, скрыні, косці жывёлін, нават адну русалачку. Паліпы злавілі і задушылі яе. Гэта было страшнейшым за ўсё.

Але вось яна апынулася на коўзкай лясной паляне, дзе куляліся, паказваючы брыдкае жаўтаватае пуза, вялікія, тлустыя вадзяныя вужы. Пасярод паляны быў пабудаваны дом з белых чалавечых касцей. Тут жа сядзела сама марская ведзьма і карміла з рота жабу, як людзі кормяць цукрам маленькіх канарэек. Агідных вужоў яна называла сваімі кураняткамі і дазваляла ім поўзаць па сваіх вялікіх наздраватых, як губка, грудзях.

— Ведаю, ведаю, чаму ты прыплыла! — сказала русалачцы марская ведзьма. — Глупства ты задумала, але ж я ўсё-ткі дапамагу табе — на тваю ж бяду, мая прыгажуня! Ты хочаш пазбавіцца ад свайго хваста і атрымаць замест яго дзве падпоркі, каб хадзіць, як людзі. Хочаш, каб юны прынц пакахаў цябе.

І ведзьма зарагатала так гучна і брыдка, што і жаба і вужы пападалі з яе і пляснуліся на пясок.

— Ну добра, ты з'явілася ў самы час! — працягвала ведзьма. — Калі б ты прыйшла заўтра раніцай, то было б позна, і я не магла б дапамагчы табе раней, чым у будучым годзе. Я прыгатую табе пітво, ты возьмеш яго, паплывеш з ім да берага яшчэ да ўсходу сонца, сядзеш там і вып'еш усё да кроплі; тады твой хвост раздвоіцца і ператворыцца ў пару стройных, як сказалі б людзі, ножак. Але табе будзе так балюча, быццам цябе праніжуць вострым мячом. Затое ўсе, хто цябе ўбачыць, скажуць, што такой прыгожай дзяўчыны яны яшчэ не сустракалі! Ты захаваеш сваю плаўную паходку — ніводная танцоўшчыца не параўнаецца з табой, але памятай: ты будзеш ісці як па вострых нажах, і твае ногі будуць крывяніць. Вытрымаеш усё гэта? Тады я дапамагу табе.

— Так! — сказала русалачка дрыготкім голасам, падумаўшы аб прынцу.

— Памятай, — сказала ведзьма, — калі ты набудзеш чалавечы выгляд, табе не зрабіцца зноў русалкай! Не ўбачыш ты ні марскога дна, ні бацькоўскага дому, ні сясцёр. А калі прынц не пакахае цябе так, што забудзе дзеля цябе і бацьку і маці, калі ты не завалодаеш усім яго сэрцам і калі ён не ажэніцца з табой, ты загінеш; на першым жа досвітку пасля яго жаніцьбы з другой тваё сэрца разарвецца на часткі, і ты станеш пенай марской.

— Няхай! — сказала русалачка і збялела як смерць.

— А яшчэ ты павінна заплаціць мне за дапамогу, — сказала ведзьма. — І я нятанна вазьму! У цябе дзіўны голас, ім ты і думаеш зачараваць прынца, але ты павінна аддаць гэты голас мне. Я вазьму за свой бясцэнны напой самае лепшае, што ёсць у цябе: бо я павінна прымяшаць да напітка сваю ўласную кроў, каб ён стаў востры, як лязо мяча.

— Калі ты возьмеш мой голас, што ж застанецца мне? — запытала русалачка.

— Твой вельмі прыгожы твар, твая плаўная паходка і твае гаваркія вочы — гэтага дастаткова, каб пакарыць чалавечае сэрца! Ну годзе, не бойся: высунеш язычок, і я адрэжу яго ў аплату за чарадзейны напой!

— Добра! — сказала русалачка, і ведзьма паставіла на агонь кацёл, каб зварыць пітво.

— Чысціня — лепшая прыгажосць! — сказала яна і выцерла кацёл вязкай жывых вужоў.

Потым яна падрапала сабе грудзі; у кацёл закапала чорная кроў, і хутка пачалі падымацца клубы пары, якія набывалі такія вычварныя формы, што проста жах браў. Ведзьма штохвілінна падбаўляла ў кацёл новае і новае зелле, і, калі пітво закіпела, яно забулькала так, быццам плакаў кракадзіл. Нарэшце напой быў гатовы, на выгляд ён здаваўся вельмі празрыстай крынічнай вадой.

— Бяры! — сказала ведзьма, аддаючы русалачцы напой.

Потым адрэзала ёй язык, і русалачка стала нямой — не магла больш ні спяваць, ні гаварыць.

— Схопяць цябе паліпы, калі паплывеш назад, — наказвала ведзьма, — пырсні на іх кроплю пітва, і іх рукі і пальцы разляцяцца на тысячу кавалачкаў.

Але русалачцы не давялося гэтага рабіць — паліпы з жахам адварочваліся пры адным выглядзе напою, які блішчаў у яе руках, нібы яркая зорка. Хутка праплыла яна лес, мінула балота і бурлівыя віры.

Вось і бацькоўскі палац; агні ў танцавальнай зале патушаны, усе спяць. Русалачка не адважылася больш увайсці туды, бо яна ж была нямая і збіралася пакінуць бацькоўскі дом назаўсёды. Сэрца яе гатова было разарвацца ад тугі. Яна прашмыгнула ў сад, узяла па кветачцы з градкі ў кожнай сястры, паслала родным тысячы паветраных пацалункаў і паднялася на цёмна-блакітную паверхню мора.

Сонца яшчэ не ўзыходзіла, калі яна ўбачыла перад сабою палац прынца і прысела на шырокую мармуровую лесвіцу. Месяц асвятляў яе сваім дзівосным блакітным ззяннем. Русалачка выпіла пякучы напой, і ёй падалося, быццам яе працялі вострым з абодвух бакоў мячом; яна страціла прытомнасць і павалілася як нежывая. Калі яна ачуняла, над морам ужо ззяла сонца; ва ўсім целе яна адчувала пякучы боль. Перад ёю стаяў прыгожы прынц і са здзіўленнем разглядваў яе. Яна апусціла вочы і ўбачыла, што рыбін хвост знік, а замест яго ў яе з'явіліся дзве маленькія беленькія ножкі. Але яна была зусім голая і таму захуталася ў свае доўгія, густыя валасы. Прынц запытаў, хто яна і як сюды трапіла, але яна толькі лагодна і сумна глядзела на яго сваімі цёмна-сінімі вачыма: гаварыць жа яна не магла. Тады ён узяў яе за руку і павёў у палац. Праўду сказала ведзьма: кожны крок прычыняў русалачцы такі боль, быццам яна ішла па вострых нажах і іголках; але яна цярпліва пераносіла боль і ішла поплеч з прынцам лёгка, нібы па паветры. Прынц і яго світа толькі дзівіліся з яе цудоўнай, плаўнай паходкі.

Русалачку апранулі ў шоўк і муслін, і яна стала першай прыгажуняй пры двары, але заставалася па-ранейшаму нямой, не магла ні спяваць, ні гаварыць.

Неяк аднаго разу да прынца і яго царскіх бацькоў паклікалі дзяўчат-рабынь, прыбраных у шоўк і золата. Яны заспявалі, адна з іх спявала асабліва хораша, і прынц пляскаў у ладкі і ўсміхаўся ёй. Засумавала русалачка: калісьці і яна магла спяваць, і непараўнальна лепш! «Ах, каб ён ведаў, што я назаўсёды рассталася са сваім голасам, толькі каб быць каля яго!»

Потым дзяўчаты пачалі танцаваць пад гукі дзівоснай музыкі; тут і русалачка падняла свае белыя прыгожыя рукі, стала на дыбачкі і паплыла ў лёгкім, паветраным танцы; так не танцаваў яшчэ ніхто! Кожны рух падкрэсліваў яе прыгажосць, а вочы яе казалі сэрцу больш чым спевы рабынь.

Усе былі ў захапленні, асабліва прынц; ён назваў русалачку сваім маленькім знайдышам, а русалачка ўсё танцавала і танцавала, хоць кожны раз, калі ногі яе дакраналіся да зямлі, ёй было так балюча, быццам яна ішла па вострых нажах. Прынц сказаў, што яна заўсёды павінна быць каля яго, і ёй было дазволена спаць на аксамітнай падушцы перад дзвярыма яго пакоя.

Ён загадаў пашыць ёй мужчынскі касцюм, каб яна магла суправаджаць яго вярхом. Яны ездзілі па духмяных лясах, дзе ў свежай лістоце спявалі птушкі, а зялёныя галіны дакраналіся да яе плячэй. Яны ўзбіраліся на высокія горы, і хаця з яе ног сачылася кроў і ўсе бачылі гэта, яна смяялася і працягвала падымацца следам за прынцам на самыя высокія вяршыні; там яны любаваліся аблокамі, якія плылі каля іх ног, нібы чароды птушак, што адляталі ў чужыя краіны.

А ноччу ў палацы прынца, калі ўсе спалі, русалачка спускалася па мармуровай лесвіцы, ставіла палымнеючыя, як у агні, ногі ў халодную ваду і думала пра родны дом і пра марское дно.

Аднаго разу ўночы ўсплылі з вады поплеч яе сёстры і заспявалі журботную песню; яна кіўнула ім, яны пазналі яе і расказалі ёй, як засмуціла яна іх усіх. З таго часу яны наведвалі яе кожную ноч, а аднойчы яна ўбачыла воддаль нават сваю старую бабулю, якая ўжо шмат гадоў не падымалася з вады, і самога цара марскога з каронай на галаве, яны працягвалі да яе рукі, але не адважваліся падплысці да зямлі так блізка, як сёстры.

З кожным днём прынц усё больш і больш адчуваў замілаванасць да русалачкі, але ён любіў яе толькі як прыгожае, добрае дзіця, ажаніцца ж з ёю і зрабіць яе прынцэсай яму і ў галаву не прыходзіла, а між тым ёй патрэбна было стаць яго жонкай, інакш, калі б ён аддаў сваё сэрца і руку другой, русалачка стала б пенай марской.

«Ці любіш ты мяне больш за ўсіх на свеце?» — здавалася, пыталіся русалаччыны вочы, калі прынц абдымаў яе і цалаваў у лоб.

— Так, я люблю цябе! — гаварыў прынц. — У цябе добрае сэрца, ты адданая мне больш за ўсіх і падобная на маладую дзяўчыну, якую я бачыў аднойчы і, напэўна, болей ужо не ўбачу! Я плыў на караблі, карабель патануў, хвалі выкінулі мяне на бераг паблізу нейкага храма, дзе служаць богу маладыя дзяўчаты; самая малодшая з іх знайшла мяне на беразе і выратавала мне жыццё; я бачыў яе ўсяго два разы, але толькі яе адну ў цэлым свеце мог бы я пакахаць! Ты падобная на яе і амаль выцесніла з майго сэрца яе вобраз. Яна належыць святому храму, і вось мая шчаслівая зорка паслала мне цябе; ніколі я не расстануся з табой!

«На жаль, ён не ведае, што гэта я выратавала яму жыццё! — думала русалачка. — Я вынесла яго з хваляў марскіх на бераг і паклала ў гаі, каля храма, а сама схавалася ў марской пене і глядзела, ці не прыйдзе хто-небудзь да яго на дапамогу. Я бачыла гэтую прыгожую дзяўчыну, якую ён любіць больш за мяне! — І русалачка глыбока ўздыхала, плакаць яна не магла. — Але тая дзяўчына належыць храму, ніколі не вернецца! Я ж знаходжуся каля яго, бачу яго кожны дзень, магу служыць яму, любіць яго, аддаць за яго жыццё!»

Але вось пачалі пагаворваць, што прынц жэніцца з чароўнай дачкой суседняга караля і таму рыхтуе свой раскошны карабель у плаванне. Прынц паедзе да суседняга караля быццам бы для таго, каб пазнаёміцца,з яго краінай, а на самай жа справе, каб пабачыць прынцэсу; з ім едзе вялікая світа. Русалачка на ўсе гэтыя размовы толькі ківала галавой і смяялася — яна ж лепш за ўсіх ведала прынцавы думкі.

— Я павінен ехаць, — казаў ён ёй. — Мне трэба пабачыць вельмі прыгожую прынцэсу; гэтага патрабуюць мае бацькі, але яны не будуць прымушаць мяне жаніцца з ёю, а я ніколі не пакахаю яе! Яна ж не падобная на тую прыгажуню, на якую падобная ты. Калі ж мне давядзецца нарэшце выбраць сабе нявесту, дык я лепш выберу цябе, мой нямы знайдыш з гаваркімі вачыма!

І ён цалаваў яе ружовыя вусны, забаўляўся з яе доўгімі валасамі і клаў сваю галаву на яе грудзі, дзе білася сэрца, якое так хацела чалавечага шчасця і кахання.

— Ты ж не баішся мора, мая нямая малышка? — казаў ён, калі яны ўжо стаялі на караблі, які павінен быў адвезці іх у краіну суседняга караля.

І прынц пачаў расказваць ёй пра буру і пра штыль, пра дзіўную рыбу, што жыве на глыбіні, і пра тое, што бачылі там нырцы, а яна ж лепш за ўсіх ведала, што ёсць на марскім дне.

Яснай месячнай ноччу, калі ўсе, акрамя рулявога, спалі, яна села каля самага борта і пачала глядзець у празрыстыя хвалі, і ёй падалося, што яна бачыць бацькоўскі палац; старая бабуля ў сярэбранай кароне стаяла на вышцы і глядзела праз хвалістыя струмені вады на кіль карабля. Потым на паверхню мора ўсплылі яе сёстры; яны журботна глядзелі на яе і працягвалі да яе свае белыя рукі, а яна кіўнула ім галавой, усміхнулася і хацела расказаць аб тым, як ёй добра тут, але да яе падышоў карабельны юнга, і сёстры нырнулі ў ваду, а юнга падумаў, што гэта мільганула ў хвалях белая марская пена.

Раніцай карабель увайшоў у гавань прыгожай сталіцы суседняга каралеўства. У горадзе зазванілі ў званы, з высокіх вежаў пачуліся гукі рагоў; на пляцах стаялі палкі салдат з бліскучымі штыкамі і трапяткімі сцягамі. Пачалося свята, балі ішлі за балямі, але прынцэсы яшчэ не было — яна выхоўвалася дзесьці далёка ў манастыры, куды яе аддалі навучацца каралеўскай дабрадзейнасці. Нарэшце прыехала і яна.

Русалачка прагна глядзела на яе і не магла не прызнаць, што больш мілага і больш прыгожага твару яна яшчэ не бачыла. Скура на твары прынцэсы была такая пяшчотная, празрыстая, а з-за доўгіх цёмных веек усміхаліся сінія лагодныя вочы.

— Гэта ты! — усклікнуў прынц. — Ты выратавала мне жыццё, калі я напаўмёртвы ляжаў на беразе мора!

І ён моцна прытуліў да сэрца сваю пачырванелую нявесту.

— Ах, які я шчаслівы! — сказаў ён русалачцы. — Тое, аб чым я не адважваўся і марыць, збылося. Ты парадуешся майму шчасцю, ты ж так любіш мяне.

Русалачка пацалавала яму руку, а сэрца яе, здавалася, вось-вось разарвецца ад болю: яго вяселле павінна было забіць яе, ператварыць у марскую пену.

У той жа вечар прынц з маладой жонкай адплывалі на радзіму прынца; гарматы стралялі, сцягі развіваліся, на палубе быў расстаўлены шацёр з золата і пурпура, засланы мяккімі падушкамі; у шатры яны праводзілі гэтую ціхую, халаднаватую ноч.

Ветразі напяліся ад ветру, карабель лёгка і плаўна рушыў па хвалях у адкрытае мора.

Як толькі сцямнела, на караблі запаліліся рознакаляровыя ліхтарыкі, а матросы пачалі весела скакаць на палубе. Русалачка прыгадала, як яна ўпершыню паднялася на паверхню мора і ўбачыла такую ж весялосць на караблі. І вось яна паплыла ў хуткім паветраным танцы, нібы ластаўка, за якою гоніцца каршун. Усе былі ў захапленні: ніколі яшчэ не танцавала яна так прыгожа! Яе пяшчотныя ножкі рэзала як нажамі, але гэтага болю яна не адчувала — сэрцу яе было яшчэ балючэй. Яна ведала, што адзін толькі вечар засталося ёй пабыць з тым, дзеля каго яна пакінула родных і бацькоўскі дом, аддала свой цудоўны голас і цярпела невыносныя пакуты, пра якія прынц і не здагадваўся. Толькі адну ноч заставалася ёй дыхаць адным паветрам з ім, бачыць сіняе мора і зорнае неба, а там настане для яе вечная ноч, без думак, без сноў. Далёка за поўнач працягваліся на караблі танцы і музыка, і русалачка смяялася і танцавала са смяротнай пакутай на сэрцы; а прынц цалаваў прыгажуню жонку, а яна забаўлялася з яго чорнымі кучарамі; нарэшце поплеч яны пайшлі ў свой раскошны шацёр.

На караблі ўсё сціхла, толькі рулявы застаўся каля руля. Русалачка абаперлася на парэнчы і, павярнуўшыся тварам да ўсходу, пачала чакаць першага сонечнага промня, які, яна ведала, павінен быў забіць яе. І раптам яна ўбачыла, як з мора падняліся яе сёстры; яны былі бледныя, як і яна, але іх доўгія пышныя валасы не развяваліся больш на ветры — яны былі абрэзаны.

— Мы аддалі нашы валасы ведзьме, каб яна дапамагла нам выратаваць цябе ад смерці! А яна дала нам вось гэты нож — бачыш, які ён востры? Раней чым узыдзе сонца, ты павінна ўсадзіць яго ў сэрца прынца, і калі цёплая кроў яго пырсне табе на ногі, яны зноў зрастуцца ў рыбін хвост і ты зноў станеш русалкай, спусцішся да нас у мора і пражывеш свае трыста гадоў, перш чым ператворышся ў салёную марскую пену. Але спяшайся! Ці ён, ці ты — адзін з вас павінен памерці да ўсходу сонца. Забі прынца і вярніся да нас! Спяшайся. Бачыш, на небе паказалася чырвоная палоска? Хутка ўзыдзе сонца, і ты памрэш!

З гэтымі словамі яны глыбока ўздыхнулі і апусціліся ў мора.

Русалачка прыўзняла пурпуровую фіранку шатра і ўбачыла, што галоўка маладой жонкі ляжыць на грудзях прынца. Русалачка нахілілася і пацалавала яго ў прыгожы лоб, паглядзела ў неба, дзе разгараўся золак, потым паглядзела на востры нож і зноў зірнула на прынца, які ў сне назваў імя сваёй жонкі — яна адна была ў яго думках! — і нож задрыжаў у русалачкіных руках. Яшчэ хвіліна — і яна кінула яго ў хвалі, і яны пачырванелі, нібы на тым месцы, дзе ён упаў, з мора выступілі кроплі крыві.

Апошні раз зірнула яна на прынца паўзгаслым позіркам, кінулася з карабля ў мора і адчула, як цела яе расплываецца пенай.

Над морам узышло сонца, промні яго лагодна сагравалі змярцвела-халодную марскую пену, і русалачка не адчувала смерці; яна бачыла яснае сонца і нейкія празрыстыя, дзіўныя стварэнні, якія сотнямі ляталі над ёю. Яна бачыла праз іх белыя ветразі карабля і ружовыя аблокі ў небе; голас іх гучаў як музыка, але такая ўзвышаная, што чалавечае вуха не пачула б яе, гэтак жа, як чалавечыя вочы не бачылі самі сябе. У іх не было крылаў, але яны ляталі ў паветры, лёгкія і празрыстыя. Русалачка заўважыла, што і яна стала такой жа, адарваўшыся ад марской пены.

— Да каго я іду? — запытала яна, падымаючыся ў паветры, і яе голас гучаў такою ж дзіўнаю музыкай.

— Да дачок паветра! — адказалі ёй паветраныя стварэнні. — Мы лятаем усюды і ўсім імкнемся прыносіць радасць. У гарачых краінах, дзе людзі гінуць ад спякотнага, зачумленага паветра, мы навяваем прахалоду. Мы распаўсюджваем у паветры прыемны пах кветак і нясём людзям здароўе і радасць... Паляцелі з намі ў завоблачны свет! Там ты знойдзеш любоў і шчасце, якіх не знайшла на зямлі.

І русалачка працягнула свае празрыстыя рукі да сонца і ўпершыню адчула ў сябе на вачах слёзы.

На караблі за гэты час усё зноў ажыло, і русалачка ўбачыла, як прынц з маладой жонкай шукаюць яе. Журботна глядзелі яны на шумлівую марскую пену, нібы ведалі, што русалачка кінулася ў хвалі. Нябачная, пацалавала русалачка прыгажуню ў лоб, усміхнулася прынцу і паляцела разам з іншымі дзецьмі паветра да ружовых аблокаў, якія плавалі ў небе.

Оцените эту сказку:
Кликните мышкой 
для получения страницы с подробной информацией.
Всего оценок: 8, средняя: 3.5 (от 1 до 5)

 

Наверх
<<< Предыдущая страница Следующая страница >>>
На главную

 

   

Старая версия сайта

Книги Родни Коллина на продажу

Нашли ошибку?
Выделите мышкой и
нажмите Ctrl-Enter!

© Василий Петрович Sеменов 2001-2012  
Сайт оптимизирован для просмотра с разрешением 1024х768

НЕ РАЗРЕШАЕТСЯ КОММЕРЧЕСКОЕ ИСПОЛЬЗОВАНИЕ МАТЕРИАЛОВ САЙТА!