Главная страница сайта Небесное Искусство Главная страница сайта Небесное Искусство Главная страница сайта Небесное Искусство
У Сатаны нет видимого лика, ибо он таит своё коварство под многими одеждами. Нил Отшельник
Кликните мышкой 
для получения страницы с подробной информацией.
Блог в ЖЖ
Карта сайта
Архив новостей
Обратная связь
Форум
Гостевая книга
Добавить в избранное
Настройки
Инструкции
Главная
Западная Литература
Х.К. Андерсен
Карты путешествий
Ресурсы в Интернете
Р.М. Рильке
У. Уитмен
И.В. Гете
М. Сервантес
Восточная Литература
Фарид ад-дин Аттар
Живопись
Фра Анжелико
Книги о живописи
Философия
Эпиктет
Духовное развитие
П.Д. Успенский
Дзен. 10 Быков
Сервисы сайта
Мудрые Мысли
От автора
Авторские притчи
Помощь сайту
 

 

Текущая фаза Луны

Текущая фаза Луны

19 апреля 2024

 

Главная  →  Х.К. Андерсен  →  Сказки  →  Переводы сказок  →  Все сказки на белорусском языке  →  Елка

Случайный отрывок из текста: Райнер Мария Рильке. Письма к молодому поэту
... Я хотел сегодня сказать Вам еще два слова: Об иронии. Не давайте ей завладеть Вами, в особенности в нетворческие минуты. В творческие же стремитесь использовать ее как еще одно средство понимания жизни. В чистых руках и она чиста, и не надо ее стыдиться, а если она слишком близка Вам и Вы опасаетесь этой чрезмерной близости, тогда обратитесь к великому и серьезному, перед которым она становится мелочной и бессильной. Ищите глубину предметов: туда никогда не проникнет ирония,— и если на этом пути Вы придете к самому рубежу великого, узнайте тогда, рождается ли ирония из Вашей глубокой внутренней потребности. Под влиянием серьезных предметов она или вовсе отпадет (если она случайна для Вас) или же (если это действительно врожденное Ваше свойство) она окрепнет и будет сильным инструментом и встанет рядом с иными средствами, которыми Вам надлежит создавать Ваше искусство. ...  Полный текст


Выберите из раздела сказок Андерсена:

Перечень сказок:
по году издания
по алфавиту
по популярности
по оценкам читателей
случайная сказка

Переводы сказок:
на белорусском
на украинском
на монгольском
на английском
на французском
на испанском

Иллюстрации к сказкам:
В. Педерсен
Л, Фрюлих
Э. Дюлак
современные художники

Примечания к сказкам:
Примечания

Выберите из раздела Андерсена:

Повести и романы, стихи, автобиографии, путевые заметки, письма, портреты, фотографии, вырезки, рисунки, литература об Андерсене, раздел Андерсена на форуме.
   

Эту сказку можно посмотреть на 2-х языках одновременно
Выберите языки:
и  

 
Оцените эту сказку:
Кликните мышкой 
для получения страницы с подробной информацией.
Всего оценок: 3, средняя: 4.3 (от 1 до 5)
   

Елка

 

У лесе стаяла цудоўная елачка. Месца ў яе было добрае, паветра і святла ўдосталь; наўкол раслі сяброўкі больш старэйшыя — і елкі, і сосны. Елачцы страшэнна хацелася як найхутчэй вырасці; яна не думала ні пра цёплае сонейка, ні пра свежае паветра, не было ёй справы і да балбатлівых сялянскіх дзяцей, што хадзілі ў лес па суніцы і маліну; і, назбіраўшы поўныя кубачкі, альбо нанізаўшы ягады, быццам пацеркі, на тонкія пруткі, прысаджваліся пад елачку адпачыць і заўсёды казалі:

— Вось слаўная елачка! Прыгожанькая, маленькая!

Такіх размоў дрэўца і слухаць не хацела.

Мінуў год — і ў елачкі прыбавілася адно каленца, мінуў яшчэ год — прыбавілася яшчэ адно: так па колькасці каленцаў і можна было даведацца колькі гадоў елцы.

— Ах, калі б я была гэткай жа вялікай, як іншыя дрэвы! — уздыхала елачка. — Тады б і я шырока развінула сваё голле, высока падняла галаву, і мне відаць было б далёка-далёка наўкол! Птушкі звілі б у маім голлі гнёзды, а калі дзьмуў бы вецер, я гэтаксама важна ківала б галавою, як іншыя!

І ні сонейка, ні спевы птушак, ні ружовыя ранішнія і вечаровыя аблокі не давалі ёй аніякага задавальнення.

Стаяла зіма, зямля была заслана ззяючым снежным дываном; па снезе не-не ды прабягаў заяц і часам нават пераскокваў цераз елачку — вось крыўда! Але прайшло яшчэ дзве зімы, і да трэцяй дрэўца падрасло ўжо настолькі, што зайцу даводзілася абмінаць яго.

«Так, расці, расці і хутчэй зрабіцца вялікім, старым дрэвам — што можа быць лепш за гэта!» — думалася елачцы.

Кожную восень у лесе з'яўляліся дрывасекі і секлі самыя вялікія дрэвы. Елачка ўсялякі раз трэслася ад жаху пры выглядзе агромністых дрэў, што з шумам падалі на зямлю. Іх ачышчалі ад голля, і яны валяліся на зямлі такімі голымі, доўгімі і тонкімі. Ледзь можна было пазнаць іх! Пасля іх клалі на калёсы і вывозілі з лесу.

Куды? Навошта?

Вясною, калі прыляцелі ластаўкі і буслы, дрэўца запыталася ў іх:

— Ці не ведаеце вы, куды павезлі тыя дрэвы? Ці не сустракалі вы іх?

Ластаўкі нічога не ведалі, але адзін з буслоў падумаў, кіўнуў галавою і сказаў:

— Магчыма! Я сустракаў на моры, на шляху з Егіпта, шмат новых караблёў з дзівоснымі, высокімі мачтамі. Ад іх пахла елкаю і сасною. Вось дзе яны!

— Ах, хутчэй бы і мне вырасці ды пусціцца на мора! А якое гэтае мора, на што яно падобнае?

— Ну, гэта доўга расказваць, — адказаў бусел і паляцеў.

— Радуйся свайму юнацтву! — казалі елачцы сонечныя промні. — Радуйся свайму здароваму росту, сваёй маладосці і жыццёвым сілам!

І вецер цалаваў дрэва, раса пралівала над ім слёзы, але елка нічога гэтага не цаніла.

Перад Калядамі ссеклі некалькі зусім маладзенькіх елак; некаторыя з іх былі нават меншымі, чым наша елачка, якой так хацелася хутчэй вырасці. Усе ссечаныя дрэўцы былі на дзіва прыгожанькімі; іх не ачышчалі ад голля, а проста паклалі на санкі і павезлі з лесу.

— Куды? — запыталася елка. — Яны не большыя, чым я, адна нават меншая. І чаму на іх пакінулі ўсё голле? Куды іх павезлі?

— Мы ведаем! Мы ведаем! — працырыкалі вераб'і. — Мы былі ў горадзе і заглядвалі ў вокны! Мы ведаем, куды іх павезлі! Яны трапяць у такую пашану, што і сказаць нельга! Мы заглядвалі ў вокны і бачылі! Іх паставілі пасярод цёплага пакоя і ўпрыгожылі дзівоснымі рэчамі — залочанымі яблыкамі, мядовымі пернікамі і мноствам свечак!

— А пасля?.. — запыталася елка, калоцячыся ўсім голлем. — А пасля?.. Што было з імі пасля?

— А больш мы нічога не бачылі! Але гэта было цудоўна!

— Магчыма, і я пайду гэткім жа бліскучым шляхам! — радавалася елка. — Гэта лепей, чым плаваць па моры! Ах, я проста знемагаюся ад тугі і нецярплівасці! Хаця б хутчэй прыйшлі Каляды! Цяпер і я стала гэткаю ж высокаю і разгалістаю, як тыя, што былі ссечаны ў мінулым годзе! Ах, няхай бы я ўжо ляжала на санках! Ах, няхай бы я ўжо стаяла прыбраная ва ўсё тое хараство, у цёплым пакоі! А пасля што?.. Пасля, напэўна, будзе яшчэ лепш, інакш бы навошта і ўпрыгожваць мяне!.. Толькі, што ж гэта такое будзе? Ах, як я нуджуся і ірвуся адсюль! Проста і сама не ведаю, што са мною!

— Радуйся нам! — сказалі ёй паветра і сонечнае святло. — Радуйся свайму юнацтву і лясному прыволлю!

Але яна і не думала радавацца, а ўсё расла ды расла. І зіму і лета стаяла яна ў сваім зялёным уборы, і ўсе, хто бачыў яе, казалі: «Вось дзівоснае дрэўца!» Падышлі нарэшце і Каляды, і елачку ссеклі першую. Пякучы боль і туга не далі ёй нават падумаць пра будучае шчасце; тужліва было развітвацца з родным лесам, з тым куточкам, дзе яна вырасла, — яна ж ведала, што ніколі больш не пабачыць сваіх мілых сябровак — елак і соснаў, кустоў, кветак, а магчыма, нават і птушак! Як цяжка, як сумна!..

Дрэўца прыйшло ў сябе толькі тады, калі апынулася разам з іншымі дрэвамі на двары і пачула каля сябе чыйсьці голас:

— Цудоўная елка! Вось такую нам і трэба!

З'явілася двое прыбраных слуг, узялі елку і ўнеслі яе ў агромністую, прыгожую залу. На сценах віселі партрэты, а на вялікай кафлянай печцы стаялі кітайскія вазы з ільвамі на накрыўках; паўсюль былі расстаўлены крэслы-качалкі, абабітыя шоўкам канапы і вялікія сталы, заваленыя альбомамі, кніжкамі і цацкамі на некалькі сот талераў — так, ва ўсялякім разе, казалі дзеці. Елку пасадзілі ў вялікую кадку з пяском, абгарнулі кадку зялёнай тканінай і паставілі на стракаты дыван. Як трымцела елачка! Што ж такое цяпер будзе? З'явіліся слугі і маладыя дзяўчаты і сталі ўпрыгожваць яе. Вось на галінах павіслі напакаваныя ласункамі маленькія сеткі, якія выразалі з каляровай паперы, выраслі залочаныя яблыкі і арэхі і загайдаліся лялькі — ўсё роўна, як жывыя чалавечкі: такіх елка яшчэ не бачыла. Нарэшце да галін прымацавалі сотні рознакаляровых маленькіх свечак — чырвоных, блакітных, белых, а да самай верхавіны елкі — вялікую зорку з сусальнага золата. Ну проста вочы разбягаліся, гледзячы на ўсю гэтую раскошу!

— Як заблішчыць, заззяе елка вечарам, калі запаляцца свечкі! — сказалі ўсе.

«Ах! — падумала елка. — Хаця б ужо хутчэй настаў вечар і запалілі свечкі! А што ж будзе пасля? Ці не з'явяцца сюды з лесу, каб палюбавацца на мяне, іншыя дрэвы? Ці не прыляцяць да вокнаў вераб'і? Альбо, можа, я ўрасту ў гэтую кадку і буду стаяць тут такою прыбранаю і зіму і лета?»

Каб жа, ды гэтак! Ад напружанага чакання ў яе нават забалела кара, а гэта для дрэва прыкладна тое ж самае, што для нас галаўны боль.

Але вось запаліліся свечкі. Што за бляск, што за раскоша! Елка затрапятала ўсім сваім голлем, адна са свечак падпаліла зялёныя іголкі, і елачка надта ж балюча апяклася.

— Ай-ай! — закрычалі паненкі і паспешліва затушылі агонь.

Больш елка і ўздрыгануцца не смела. І напалохалася ж яна! Асабліва таму, што баялася страціць хаця б самае нязначнае са сваіх упрыгажэнняў. Але ўвесь гэты бляск проста ашаламляў яе... Раптам абедзве паловы дзвярэй расчыніліся, і ўварваўся цэлы натоўп дзяцей; можна было падумаць, што яны хочуць зваліць дрэва! За імі паважна ўвайшлі старэйшыя. Малышы спыніліся як укапаныя, але толькі на хвіліну, а пасля падняўся такі шум і гоман, што проста ў вушах звінела. Дзеці скакалі вакол елкі, і мала-памалу ўсе падарункі з яе былі сарваны.

«Што ж гэта яны робяць? — думала елка. — Што гэта значыць?»

Свечкі дагарэлі, іх патушылі, а дзецям дазволілі абабраць дрэва. Як яны накінуліся на яго! Толькі галіны затрашчалі! Не будзь верхавіна з залатой зоркай моцна прывязана да столі, яны павалілі б елку.

Потым дзеці зноў узяліся скакаць, не выпускаючы з рук сваіх дзівосных цацак. Ніхто больш не глядзеў на елку, акрамя старой нянькі, ды і тая толькі выглядвала, ці не засталося дзе ў голлі яблычка альбо фініка.

— Казку! Казку! — закрычалі дзеці і падцягнулі да елкі маленькага, тоўсценькага чалавека.

Ён усеўся пад дрэвам і сказаў:

— Вось мы і ў лесе! Ды і елка таксама паслухае! Але я раскажу толькі адну казку! Якую хочаце: пра Іведэ-Аведэ альбо пра Клумпэ-Думпэ, які хоць і зваліўся з лесвіцы, усё-такі праславіўся і здабыў сабе прынцэсу.

— Пра Іведэ-Аведэ! — закрычалі адны.

— Пра Клумпэ-Думпэ! — закрычалі другія.

Узняўся крык і шум; адна елка стаяла ціха і думала: «А я? А мне што рабіць?»

Яна ўжо зрабіла сваю справу!

І тоўсценькі чалавек расказаў пра Клумпэ-Думпэ, які хоць і зваліўся з лесвіцы, усё-такі праславіўся і здабыў сабе прынцэсу.

Дзеці запляскалі ў ладкі і закрычалі:

— Яшчэ, яшчэ! — Яны хацелі паслухаць і пра Іведэ-Аведэ, але засталіся пры адным Клумпэ-Думпэ.

Ціха, задумліва стаяла елка, — лясныя птушкі ніколі не расказвалі нічога такога. «Клумпэ-Думпэ зваліўся з лесвіцы, і ўсё ж яму дасталася прынцэса! Дык, вось што бывае на белым свеце!» — думала елка; яна цалкам верыла ўсяму, пра што зараз чула, — расказваў жа такі паважны чалавек. «Праўда, хто ведае! Магчыма, і мне давядзецца зваліцца з лесвіцы, а пасля і я стану прынцэсай!» І яна з радасцю думала пра заўтрашні дзень: яе зноў упрыгожаць свечкамі, золатам і садавінай! «Заўтра ўжо я не затрымчу! — думала яна. — Я хачу, як след нацешыцца сваёй раскошай! І заўтра я зноў пачую казку пра Клумпэ-Думпэ, а можа, і пра Іведэ-Аведэ». І дрэўца ціха прастаяла ўсю ноч у марах пра заўтрашні дзень.

Раніцай з'явіліся слугі і пакаёўка. «Зараз зноў пачнуць мяне ўпрыгожваць!» — падумала елка, але яны выцягнулі яе з пакоя, пацягнулі па лесвіцы і сунулі ў самы цёмны куток. гарышча, куды нават не трапляла дзённае святло.

«Што ж гэта значыць? — думала елка. — Што мне тут рабіць? Што я тут пабачу і пачую?» Яна прыткнулася да сцяны і ўсё думала, думала... Часу на гэта было дастаткова: міналіся дні і ночы — ніхто не заглядваў да яе. Толькі аднойчы прыйшлі людзі паставіць на гарышча нейкія скрынкі. Дрэва стаяла ад іх у баку, і пра яго, здавалася, забыліся.

«На двары зіма! — думала елка. — Зямля зацвярдзела і пакрылася снегам; значыцца, нельга зноўку пасадзіць мяне ў зямлю, вось і давядзецца пастаяць пад дахам да вясны! Як гэта разумна прыдумана! Якія людзі добрыя! Не будзь толькі тут так цёмна і так жахліва пуста!.. Няма нават ніводнага зайчыка!.. А ў лесе ж як было весела! Наўкола снег, а па снезе зайчыкі скачуць! Хораша было... Нават калі яны скакалі цераз мяне, хаця мяне гэта і злавала! А тут як пуста!»

— Пі-пі! — піскнула раптам мышаня і выскачыла з норкі, за ім яшчэ адно, такое ж маленькае. Яны ўзяліся абнюхваць дрэва і шмыгаць у яго голлі.

— Жахліва сцюдзёна тут! — сказалі мышаняты. — Каб не гэта, дык і добра было б! Праўда, старая елка?

— Я зусім не старая! — адказала елка. — Ёсць шмат дрэў, якія старэй за мяне!

— Адкуль ты і што ты ведаеш? — спыталі мышаняты; яны былі страшэнна цікаўныя. — Раскажы нам, дзе самае лепшае месца на зямлі? Ты была там? Ці была ты калі-небудзь у клеці, дзе на паліцах ляжаць сыры, а пад столлю вісяць кумпякі і дзе можна скакаць на свечках з лою? Туды ўвойдзеш худым, а выйдзеш адтуль тоўстым!

— Не, такога месца я не ведаю! — сказала дрэва. — Але я ведаю лес, дзе свеціць сонейка і спяваюць птушкі!

І яна расказала ім пра сваё юнацтва; мышаняты ніколі не чулі нічога такога, выслухалі расповяд елкі і пасля сказалі:

— Як ты шмат бачыла! Якая ты была шчаслівая!

— Шчаслівая? — сказала елка і задумалася пра той час, аб якім толькі што расказвала. — Сапраўды, відаць, тады мне жылося няблага!

Затым яна расказала ім пра вечар, калі была ўпрыгожана пернікамі і свечкамі.

— О! — сказалі мышаняты. — Якой жа ты была шчаслівай, старая елка!

— Я зусім яшчэ не старая! — запярэчыла елка. — Мяне ўзялі з лесу толькі сёлетняй зімою! Я ў самым росквіце! Толькі што ўвайшла ў рост!

— Як ты цудоўна расказваеш! — сказалі мышаняты і на наступную ноч прывялі з сабою яшчэ чатырох, каб і яны паслухалі расповяды елкі. А сама елка, чым больш расказвала, тым ясней прыгадвала мінулае, і ёй здавалася, што яна перажыла шмат добрых дзён.

— Але яны ж вернуцца! Вернуцца! Вось і Клумпэ-Думпэ ўпаў з лесвіцы, а ўсё-такі яму дасталася прынцэса! Магчыма, і я зраблюся прынцэсай!

Тут дрэва ўспомніла прыгожанькую бярозку, што расла ў лясным гушчары непадалёк ад яго, — яна здавалася яму цяпер сапраўднай прынцэсай.

— Хто гэта Клумпэ-Думпэ? — спыталі мышаняты, і елка расказала ім усю казку; яна запомніла яе слова ў слова. Мышаняты ад задавальнення скакалі ледзь не да самай верхавіны дрэва. На наступную ноч з'явілася яшчэ некалькі мышэй, а ў нядзелю прыйшлі нават два пацукі. Ім казка зусім не спадабалася, што надта засмуціла мышанят, але цяпер і яны перасталі ўжо так захапляцца ёю, як раней.

— Вы толькі адну гэтую гісторыю і ведаеце? — спыталі пацукі.

— Толькі! — адказвала елка. — Я чула яе ў самы шчаслівы вечар майго жыцця; але якраз тады я, між іншым, яшчэ не ўсведамляла гэтага!

— Нічога дзіўнага, звычайная, вартая жалю, гісторыя! Магчыма, вы ведаеце што-небудзь пра тлушч, альбо свечкі з лою? Пра клець?

— Не! — адказала дрэва.

— Тады шчасліва заставацца! — сказалі пацукі і пайшлі.

Мышаняты таксама разбегліся, і елка ўздыхнула:

— А ўсё ж слаўна было, калі гэтыя гарэзлівыя мышаняты сядзелі вакол мяне і слухалі мае расповяды. І гэтаму настаў канец... Але ўжо цяпер я не ўпушчу свайго, як след парадуюся, калі зноўку выйду на белы свет!

Ды не так ужо хутка гэта здарылася!

Аднойчы раніцай з'явіліся людзі прыбраць гарышча. Выцягнулі скрынкі, а за імі і елку. Спачатку яе даволі груба кінулі на падлогу, пасля слуга пацягнуў яе па лесвіцы ўніз.

«Ну, цяпер для мяне пачнецца новае жыццё!» — падумала елка.

Вось на яе павеяла свежым паветрам, бліснуў промень сонца — елка апынулася на дварэ. Усё гэта адбылося так хутка, наўкол было столькі новага і цікавага для яе, што яна не паспела і паглядзець на самую сябе. Двор прылягаў да саду; у садзе ўсё зелянела і цвіло. Цераз агароджу перавешваліся свежыя духмяныя ружы, ліпы былі пакрыты цветам, ластаўкі лёталі ўзад і ўперад і шчабяталі:

— Квір-вір-віт! Мой муж вярнуўся!

Але гэта не цікавіла елку.

— Цяпер я зажыву! — радавалася яна і выпроствала свае галіны. Ах, як яны пабляклі і пажоўклі!

Дрэва ляжала ў кутку двара, у крапіве і пустазеллі; на верхавіне яго ўсё яшчэ ззяла залатая зорка.

У двары весела гулялі тыя ж самыя дзеці, што скакалі і танцавалі вакол упрыгожанай елкі на Каляды. Самы малодшы пабачыў зорку і сарваў яе.

— Паглядзіце-тка, што засталося на гэтай брыдкай, старой елцы! — крыкнуў ён і наступіў на яе голле; галіны захрумсцелі.

Елка паглядзела на маладое, квітнеючае жыццё наўкол, пасля паглядзела на самую сябе і пажадала вярнуцца ў свой цёмны куток на гарышчы. Успомніліся ёй і маладосць, і лес, і вясёлыя Каляды, і мышаняты, якія радасна слухалі казку пра Клумпэ-Думпэ...

— Усё прайшло, прайшло! — сказала бедная елка. — І хаця б я радавалася пакуль быў час! А цяпер... усё мінулася, мінулася!

Прыйшоў слуга і пасек елку на кавалкі, — атрымалася цэлая вязанка распалак. Як горача запалымнелі яны пад вялікім катлом! Дрэва глыбока-глыбока ўздыхала, і гэтыя ўздыхі былі падобны на слабыя стрэлы. Прыбеглі дзеці, уселіся прад агнём і сустракалі кожны стрэл вясёлым «піф! паф!». А елка, цяжка ўздыхаючы, успамінала ясныя летнія дні і зоркавыя ночы ў лесе, вясёлыя Каляды і казку пра Клумпэ-Думпэ, адзіную чутую ёю казку!.. Так яна ўся і згарэла.

Хлопчыкі зноў гулялі на дварэ; у малодшага на грудзях ззяла тая самая залатая зорка, якая ўпрыгожвала елку ў самы шчаслівы вечар яе жыцця. Цяпер ён прайшоў, кануў у вечнасць, елцы таксама прыйшоў канец, а з ёю і нашай гісторыі. Канец, канец! Усё на свеце мае свой канчатак!

Оцените эту сказку:
Кликните мышкой 
для получения страницы с подробной информацией.
Всего оценок: 3, средняя: 4.3 (от 1 до 5)

 

Наверх
<<< Предыдущая страница Следующая страница >>>
На главную

 

   

Старая версия сайта

Книги Родни Коллина на продажу

Нашли ошибку?
Выделите мышкой и
нажмите Ctrl-Enter!

© Василий Петрович Sеменов 2001-2012  
Сайт оптимизирован для просмотра с разрешением 1024х768

НЕ РАЗРЕШАЕТСЯ КОММЕРЧЕСКОЕ ИСПОЛЬЗОВАНИЕ МАТЕРИАЛОВ САЙТА!