Главная страница сайта Небесное Искусство Главная страница сайта Небесное Искусство Главная страница сайта Небесное Искусство
Я тверд и надежен в своих обещаниях. Я никогда не произнесу ни одного слова, не подумав, подходит оно или нет. Махабхарата
Кликните мышкой 
для получения страницы с подробной информацией.
Блог в ЖЖ
Карта сайта
Архив новостей
Обратная связь
Форум
Гостевая книга
Добавить в избранное
Настройки
Инструкции
Главная
Западная Литература
Х.К. Андерсен
Карты путешествий
Ресурсы в Интернете
Р.М. Рильке
У. Уитмен
И.В. Гете
М. Сервантес
Восточная Литература
Фарид ад-дин Аттар
Живопись
Фра Анжелико
Книги о живописи
Философия
Эпиктет
Духовное развитие
П.Д. Успенский
Дзен. 10 Быков
Сервисы сайта
Мудрые Мысли
От автора
Авторские притчи
Помощь сайту
 

 

Текущая фаза Луны

Текущая фаза Луны

28 марта 2024

 

Главная  →  Х.К. Андерсен  →  Сказки  →  Переводы сказок  →  Все сказки на белорусском языке  →  Снежная каралева

Случайный отрывок из текста: Фарид ад-дин Аттар. Рассказы о святых. Хазрат Ибрахим бен Адхам
... Ибрахим рассказывал: «Однажды я купил раба и спросил, как его зовут. Он ответил: «Так, как тебе захочется называть меня». Я спросил его, что он хотел бы съесть. Он ответил: «То, что ты захочешь мне дать». Я спросил, какую одежду он бы надел. «Ту, которую ты дашь мне». Тогда я поинтересовался, какую работу он предпочитает делать. «Ту, которую ты попросишь меня выполнить». Я спросил его: «Чего ты хочешь?» — «Я всего лишь раб, как я могу чего-то хотеть?» Я подумал про себя: «Если бы я мог стать рабом Господа и подчиняться Его воле, как этот раб!» ...  Полный текст


Выберите из раздела сказок Андерсена:

Перечень сказок:
по году издания
по алфавиту
по популярности
по оценкам читателей
случайная сказка

Переводы сказок:
на белорусском
на украинском
на монгольском
на английском
на французском
на испанском

Иллюстрации к сказкам:
В. Педерсен
Л, Фрюлих
Э. Дюлак
современные художники

Примечания к сказкам:
Примечания

Выберите из раздела Андерсена:

Повести и романы, стихи, автобиографии, путевые заметки, письма, портреты, фотографии, вырезки, рисунки, литература об Андерсене, раздел Андерсена на форуме.
   

Эту сказку можно посмотреть на 2-х языках одновременно
Выберите языки:
и  

 
Оцените эту сказку:
Кликните мышкой 
для получения страницы с подробной информацией.
Всего оценок: 3, средняя: 4.0 (от 1 до 5)
   

Снежная каралева

 

Гісторыя першая

у якой расказваецца пра люстэрка і яго асколкі

Ну, пачнем! Прачытаўшы нашу гісторыю да канца, вы будзеце ведаць болей, чым зараз. Дык вось, жыў-быў троль, вельмі злосны, сапраўдны д'ябал. Аднойчы быў ён у асабліва добрым настроі: змайстраваў такое люстэрка, у якім усё добрае і прыгожае памяншалася далей няма куды, а ўсё дрэннае і агіднае так і выпірала, рабілася яшчэ больш брыдкім. Найпрыгажэйшыя ландшафты выглядалі ў ім вараным шпінатам, а лепшыя з людзей — пачварамі, ці, здавалася, быццам стаяць яны дагары нагамі, а жыватоў у іх зусім няма! Твары перакрыўляліся так, што і не пазнаць, а калі ў каго была вяснушка, то ўжо яна распаўзалася і на нос і на вусны. А калі ў чалавека з'яўлялася добрая думка, яна адбівалася ў люстэрку такой грымасай, што троль аж заходзіўся ад смеху, радуючыся сваёй хітрай выдумцы.

Тролевы вучні — а ў яго была свая школа — расказвалі ўсім, што адбыўся цуд: цяпер толькі, казалі яны, можна ўбачыць увесь свет і людзей сапраўднымі. Яны бегалі ўсюды з люстэркам, і неўзабаве не засталося ніводнай краіны, ніводнага чалавека, якія не адлюстраваліся б у ім у перакрыўленым выглядзе.

Напаследак захацелася ім дабрацца і да неба. Чым вышэй яны падымаліся, тым больш крыўлялася люстэрка, што аж з цяжкасцю яны ўтрымлівалі яго ў руках. Але вось яны ўзляцелі зусім высока, і тут раптам люстэрка да таго пакарабацілася ад грымас, што вырвалася ў іх з рук, паляцела на зямлю і разбілася на мільёны, більёны асколкаў, і таму здарылася яшчэ болей бед. Некаторыя асколкі, з пясчынку велічынёй, разлятаючыся па белым свеце, траплялі людзям у вочы, ды так там і заставаліся. А чалавек з такім асколкам у воку пачынаў бачыць усё наадварот ці заўважаць у кожнай рэчы толькі дрэннае — кожны ж асколак захоўваў уласцівасці ўсяго люстэрка. Некаторым людзям асколкі траплялі проста ў сэрца, і гэта было страшней за ўсё: сэрца рабілася як кавалак лёду. Былі сярод асколкаў і вялікія — іх уставілі ў аконныя рамы, і ўжо праз гэтыя вокны не варта было глядзець на сваіх добрых сяброў. Нарэшце, былі і такія асколкі, якія пайшлі на акуляры, і дрэнна было, калі такія акуляры надзявалі для таго, каб лепш бачыць і правільна меркаваць аб рэчах.

Злосны троль надрываўся ад смеху — так весяліла яго гэта задума. А па свеце лятала яшчэ шмат асколкаў. Паслухаем жа пра іх!

 

Гісторыя другая

Хлопчык і дзяўчынка

У вялікім горадзе, дзе столькі дамоў і людзей, што не ўсім хапае месца хоць бы на маленькі садок, а таму большасці жыхароў даводзіцца задавольвацца пакаёвымі кветкамі ў вазонах, жыло двое бедных дзяцей, і садок у іх быў крыху большы за вазон. Яны не былі братам і сястрой, але любілі адно аднаго, як брат і сястра.

Бацькі іх жылі ў каморках пад дахам у двух суседніх дамах. Дахі дамоў сыходзіліся, і між імі цягнуўся вадасцёкавы жолаб. Тут якраз і глядзелі адно на адно паддашкавыя вокны ад кожнага дома. Варта было толькі пераступіць цераз жолаб, і можна было трапіць з аднаго акна ў другое.

У бацькоў было па вялікай драўлянай скрыні, у іх расла зеляніна для прыпраў і невялікія ружавыя кусты — па адным у кожнай скрыні. Кусты пышна разрасліся. Бацькам прыйшло ў галаву паставіць гэтыя скрыні ўпоперак жолаба, таму ад аднаго акна да другога цягнуліся нібы дзве кветкавыя градкі. Зялёнымі гірляндамі спускаўся са скрынь гарох, ружавыя кусты заглядвалі ў вокны і спляталіся галінамі. Бацькі дазвалялі хлопчыку і дзяўчынцы хадзіць адно да аднаго ў госці па даху і сядзець на лавачцы пад ружамі. Як хораша было ім тут гуляць!

А зімой гэта радасць заканчвалася. Вокны часта зусім замярзалі, але дзеці награвалі на печы медныя манеты, прыкладвалі іх да замерзлых шыбін, і адразу ж адтаваў прыгожы кружочак, і ў яго пазірала вясёлае, ласкавае вочка — гэта глядзелі, кожны са свайго акна, хлопчык і дзяўчынка, Кай і Герда. Улетку яны адным скачком маглі апынуцца ў гасцях адно ў аднаго, а зімой патрэбна было спачатку спусціцца на многа прыступак уніз, а потым падняцца на гэтулькі ж уверх. На двары пырхаў сняжок.

— Гэта раяцца белыя пчолкі! — казала старая бабуля.

— А ў іх таксама ёсць каралева? — пытаўся хлопчык. Ён ведаў, што ў сапраўдных пчол ёсць такая.

— Ёсць! — адказвала бабуля. Сняжынкі абкружаюць яе густым роем, але яна большая за іх усіх і ніколі не прысаджваецца на зямлю, вечна лятае ў чорным воблаку. Часта па начах пралятае яна па гарадскіх вуліцах і заглядвае ў вокны, вось таму якраз яны і пакрываюцца марознымі ўзорамі, быццам кветкамі.

— Бачылі, бачылі! — казалі дзеці і верылі, што ўсё гэта так.

— А сюды Снежная каралева не можа ўвайсці? — пыталася дзяўчынка.

— Хай толькі паспрабуе! — адказваў хлопчык. — Я пасаджу яе на цёплую печ, вось яна і растане.

Але бабуля пагладзіла яго па галаве і завяла размову пра іншае.

Вечарам, калі Кай быў дома і амаль ужо распрануўся, збіраючыся легчы спаць, ён ускарабкаўся на крэсла каля акна і паглядзеў ў адталы на шыбіне кружочак. За акном пырхалі сняжынкі. Адна з іх, большая, села на край кветкавай скрыні — і пачала расці, пакуль нарэшце не ператварылася ў жанчыну, захутаную ў танюткі белы цюль, сатканы, здавалася, з мільёнаў снежных зорачак. Яна была такая прыгожая і пяшчотная, але з лёду, з асляпляльна зіхоткага лёду, і ўсё ж жывая! Вочы яе ззялі, як дзве ясныя зоркі, але не было ў іх ні цеплыні, ні спакою. Яна кіўнула хлопчыку і паманіла яго рукой. Кай спалохаўся і саскочыў з крэсла. А міма акна прамільгнула штосьці падобнае на вялікую птушку.

На другі дзень было ясна і марозна, але потым пачалася адліга, а затым і вясна надышла. Заззяла сонца, праглянула зеляніна, будавалі гнёзды ластаўкі. Вокны расчынілі, і дзеці зноў маглі сядзець у сваім садку ў вадасцёкавым жолабе над усімі паверхамі.

Ружы тым летам цвілі пышна, як ніколі. Дзеці спявалі, узяўшыся за рукі, цалавалі ружы і радаваліся сонцу. Ах, якое цудоўнае было лета, як добра было пад ружавымі кустамі, якім, здавалася, квітнець і квітнець вечна!

Неяк аднаго разу Кай і Герда сядзелі і разглядвалі кніжку з малюнкамі — звярамі і птушкамі. На вялікім вежавым гадзінніку прабіла пяць.

— Ай! — ускрыкнуў раптам Кай. — Мяне кальнула проста ў сэрца, і штосьці трапіла ў вока!

Дзяўчынка абвіла ручкай яго шыю, ён часта-часта маргаў, але ў воку быццам бы нічога не было.

— Мабыць, выскачыла, — сказаў ён.

Але гэта было не так. Гэта былі якраз асколкі таго д'ябальскага люстэрка, пра якое мы гаварылі напачатку.

Небарака Кай! Цяпер яго сэрца павінна было стаць як кавалак лёду. Боль прайшоў, але асколкі засталіся.

— Чаму ты плачаш? — запытаўся ён у Герды. — Мне зусім не баліць! Фу! Якая ты непрыгожая! — раптам крыкнуў ён. — Вунь тую ружу точыць чарвяк. А тая зусім крывая. Якія брыдкія ружы! Не лепшыя за скрыні, у якіх тырчаць.

І ён штурхнуў скрыню нагой і сарваў абедзве ружы.

— Кай, што ты робіш! — закрычала Герда, а ён, убачыўшы яе спалох, сарваў яшчэ адну ружу і ўцёк ад мілай маленькай Герды ў сваё акно.

Цяпер, калі Герда прыносіла яму кніжку з малюнкамі, ён казаў, што гэтыя малюнкі — толькі для грудных дзяцей. А калі расказвала што-небудзь старая бабуля — чапляўся да яе слоў. А то даходзіла нават да таго, што пачынаў перадражніваць яе паходку, надзяваць яе акуляры, гаварыць яе голасамі Атрымлівалася вельмі падобна, і людзі смяяліся. Хутка Кай навучыўся перадражніваць і ўсіх суседзяў. Ён выдатна ўмеў выстаўляць напаказ усе іх дзівацтвы і недахопы, і людзі казалі:

— Надзвычай здольны хлапчук!

А прычынай усяму былі асколкі, што трапілі яму ў вока і ў сэрца. Таму ён і перадражніваў нават мілую маленькую Герду, а яна ж любіла яго ўсім сэрцам.

І забавы яго сталі цяпер зусім іншымі, такімі дзіўнымі. Аднаго разу зімой, калі ішоў снег, ён з'явіўся з вялікім павелічальным шклом і падставіў пад снег крысо сваёй сіняй курткі.

— Паглядзі праз шкло, Герда, — сказаў ён.

Кожная сняжынка здавалася пад шклом значна большай, чым была на самай справе, і была падобная на пышную кветку ці дзесяцікутную зорку. Гэта было так прыгожа!

— Бачыш, як мудрагеліста зроблена! — сказаў Кай. — Значна цікавей, чым сапраўдныя кветкі! І якая дакладнасць! Ніводнай няправільнай лініі! Ах, калі б толькі яны не раставалі!

Трохі пазней Кай з'явіўся ў вялікіх рукавіцах, з санкамі за спінаю, крыкнуў Гердзе ў самае вуха: «Мне дазволілі пакатацца на вялікім пляцы з іншымі хлопчыкамі!» — і пабег.

На пляцы каталася шмат дзяцей. Смялейшыя прывязвалі свае санкі да сялянскіх саней і кацілі далёка-далёка. Гэта было вельмі забаўна. У самы разгар весялосці на пляцы з'явіліся вялікія сані, пафарбаваныя ў белы колер. У іх сядзеў хтосьці захутаны ў белае футра і ў такой жа шапцы. Сані аб'ехалі пляц двойчы. Кай спрытна прывязаў да іх свае санкі і пакаціў. Вялікія сані памчалі хутчэй, потым павярнулі з пляца ў завулак. Чалавек, які сядзеў у іх, павярнуўся і ветліва кіўнуў Каю, нібы знаёмаму. Кай некалькі разоў намагаўся адвязаць свае санкі, але чалавек у футры ўсё ківаў яму, і ён працягваў ехаць за ім.

Вось яны выехалі за гарадскія вароты. Снег паваліў раптам камякамі, і стала цёмна, хоць вока выкалі. Хлопчык спешна адпусціў вяроўку, якой зачапіўся за вялікія сані, але санкі яго, нібы прыраслі да іх і працягвалі несціся віхрам. Кай гучна закрычаў — ніхто не пачуў яго. Снег валіў, санкі імчаліся, ныраючы ў гурбы, пераскокваючы цераз агароджы і канавы. Кай увесь дрыжаў.

Снежныя камякі ўсё раслі і ператварыліся нарэшце ў вялікіх белых курэй. Раптам яны разляцеліся ў бакі, вялікія сані спыніліся, і чалавек, які сядзеў у іх, падняўся. Гэта была высокая, стройная, бялюткая жанчына — Снежная каралева; і футра і шапка на ёй былі са снегу.

— Слаўна праехаліся! — сказала яна. — Але ты зусім змерз — лезь да мяне ў футра!

Пасадзіла яна хлопчыка ў сані, захутала ў сваё мядзведжае футра. Кай быццам у снежную гурбу апусціўся.

— Усё яшчэ мерзнеш? — запыталася яна і пацалавала яго ў лоб.

У! Пацалунак яе быў халаднейшы за лёд, ён працяў яго наскрозь і дайшоў да самага сэрца, а яно і без таго ўжо было напалову ледзяным. Каю падалося, што яшчэ трохі — і ён памрэ... Але толькі на хвілінку, а потым, наадварот, яму стала так добра, што ён нават зусім перастаў зябнуць.

— Мае санкі! Не забудзь мае санкі! — спахапіўся ён.

Санкі прывязалі на спіну адной з белых курэй, і яна паляцела з імі ўслед за вялікімі санямі. Снежная каралева пацалавала Кая яшчэ раз, і ён забыў і Герду, і бабулю, і ўсіх сваякоў.

— Больш не буду цалаваць цябе, — сказала яна. — А то зацалую да смерці.

Кай зірнуў на яе. Якая яна была цудоўная! Твару больш разумнага і прыгожага ён не мог сабе і ўявіць. Цяпер яна не здавалася яму ледзяною, як у той раз, калі сядзела за вакном і ківала яму.

Ён зусім не баяўся яе і расказваў, што ведае ўсе чатыры дзеянні арыфметыкі, ды яшчэ з дробамі, ведае, колькі квадратных міль кожная краіна і колькі там жыхароў, а яна толькі ўсміхалася ў адказ. І тады ён падумаў, што на самай жа справе ведае яшчэ зусім мала.

У той жа момант Снежная каралева ўзляцела з ім на чорнае воблака. Бура выла і стагнала, нібы распявала старадаўнія песні; яны ляцелі над лясамі і азёрамі, над марамі і сушай; студзёныя вятры дзьмулі пад імі, вылі ваўкі, зіхацеў снег, ляталі з крыкам чорныя крумкачы, а над імі ззяў вялікі лясны месяц. На яго глядзеў Кай усю доўгую-доўгую зімовую ноч, а ўдзень заснуў каля ног Снежнай каралевы.

 

Гісторыя трэцяя

Кветнік жанчыны, якая ўмела чараваць

А што ж было з Гердай, калі Кай не вярнуўся? Куды ён падзеўся?

Ніхто гэтага не ведаў, ніхто не мог адказаць.

Хлопчыкі расказвалі толькі, што бачылі, як ён прывязаў свае санкі да вялікіх раскошных саней, якія потым павярнулі ў завулак і выехалі за гарадскія вароты.

Шмат было праліта па ім слёз, горка і доўга плакала Герда. Нарэшце вырашылі, што Кай памёр, утапіўся ў рэчцы, якая працякала за горадам. Доўга цягнуліся змрочныя зімовыя дні.

Але вось надышла вясна, выглянула сонца.

— Кай памёр і больш не вернецца! — сказала Герда.

— Не веру! — адказала сонечнае святло.

— Ён памёр і больш не вернецца! — паўтарыла яна ластаўкам.

— Не верым! — адказвалі яны.

Хутка і сама Герда перастала гэтаму верыць.

— Абую ж я свае новыя чырвоныя чаравічкі (Кай ні разу яшчэ не бачыў іх), — сказала яна неяк раніцай, — ды пайду запытаюся пра яго ў ракі.

Было яшчэ вельмі рана. Яна пацалавала спячую бабулю, абула чырвоныя чаравічкі і пабегла адзінюткая за горад, проста да ракі.

— Праўда, што ты ўзяла майго пабраціма? — спытала Герда. — Я падару табе свае чырвоныя чаравічкі, калі ты вернеш мне яго!

І дзяўчынцы падалося, што хвалі неяк дзіўна ківаюць ёй. Тады яна зняла свае чырвоныя чаравічкі — самае каштоўнае, што ў яе было, — і кінула ў раку. Але яны ўпалі каля самага берага, і хвалі тут жа вынеслі іх назад — рака як быццам бы не хацела браць у дзяўчынкі яе каштоўнасць, бо не магла вярнуць ёй Кая. Дзяўчынка ж падумала, што кінула чаравічкі недастаткова далёка, улезла ў лодку, якая гайдалася ў трыснягу, стала на краёк кармы і зноў кінула чаравікі ў ваду. Лодка не была прывязана, і ад штуршка адышда ад берага. Дзяўчынка хацела хутчэй выскачыць на бераг, але пакуль прабіралася з кармы на нос, лодка ўжо зусім адплыла і шпарка рухалася па цячэнні.

Герда вельмі спалохалася, заплакала і пачала крычаць, але ніхто, акрамя вераб'ёў, не чуў яе. Вераб'і ж не маглі перанесці яе на сушу і толькі ляцелі за ёю ўздоўж берага і шчабяталі, нібы жадаючы яе суцешыць:

— Мы тут! Мы тут!

Лодку зносіла ўсё далей. Герда сядзела ціха, у адных панчохах: чырвоныя чаравічкі яе плылі за лодкай, але не маглі дагнаць яе.

«Можа, рака нясе мяне да Кая?» — падумала Герда, павесялела, устала і доўга-доўга любавалася прыгожымі зялёнымі берагамі.

Ды вось яна прыплыла да вялікага вішнёвага саду, у якім тулілася хатка пад саламяным дахам, з чырвонымі і сінімі шыбамі ў вокнах. Каля дзвярэй стаялі два драўляныя салдаты і аддавалі чэсць усім, хто праплываў міма. Герда закрычала ім — яна палічыла іх жывымі, — але яны, зразумела, не адказалі ёй. Яна падплыла да іх яшчэ бліжэй, лодка наблізілася ледзь не да самага берага, і дзяўчынка закрычала яшчэ гучней. З хаткі выйшла вельмі старая бабулька з кульбай, у вялікім саламяным капелюшы, размаляваным дзівоснымі кветкамі.

— Ах ты беднае дзіцятка! — сказала бабуля. — І як гэта ты трапіла на такую вялікую бурную раку ды заплыла так далёка?

З гэтымі словамі бабуля ўвайшла ў раку, зачапіла лодку кульбай, прыцягнула да берага і высадзіла Герду.

Герда была вельмі рада, што апынулася нарэшце на сушы, хоць і пабойвалася незнаёмай бабулі.

— Ну, хадзем, ды раскажы мне, хто ты і як сюды патрапіла, — сказала бабуля.

Герда пачала расказваць ёй пра ўсё, а бабуля ківала галавой і паўтарала: «Гм! Гм!» Калі дзяўчынка закончыла, то запыталася ў бабулі, ці не бачыла яна Кая. Тая адказала, што ён яшчэ не праходзіў тут, але, пэўна, пройдзе, таму бедаваць пакуль няма прычыны, няхай Герда лепш пакаштуе вішань, ды палюбуецца кветкамі, што растуць у садзе: яны прыгажэйшыя, чым у любой кніжцы з малюнкамі, і ўсе ўмеюць расказваць казкі. Тут бабуля ўзяла Герду за руку, павяла да сябе ў хатку і замкнула дзверы.

Вокны былі высока ад падлогі і ўсе з рознакаляровых — чырвоных, сініх і жоўтых — шкельцаў; таму і сам пакой быў асветлены нейкім дзівосным вясёлкавым святлом. На стале стаяў кошык з цудоўнымі вішнямі, і Герда магла есці іх колькі хацела. А пакуль яна ела, бабуля расчэсвала ёй валасы залатым грабянцом. Валасы віліся кучарамі і залатым ззяннем атачалі пекны, ветлівы, круглы, быццам ружа, тварык дзяўчынкі.

— Даўно мне хацелася мець такую міленькую дзяўчынку, — сказала бабуля. — Вось пабачыш, як добра мы з табою зажывём!

І яна працягвала расчэсваць кучары дзяўчынкі, і чым далей часала, тым больш забывала Герда свайго пабраціма Кая — бабуля ўмела чараваць.

Ды яна была не злою чараўніцай і чаравала толькі зрэдку, для свайго здавальнення; цяпер жа ёй вельмі захацелася пакінуць у сябе Герду. І вось яна пайшла ў сад, дакранулася кульбай да ўсіх ружавых кустоў, і тыя як стаялі ў пышнай квецені, так усе і пайшлі глыбока-глыбока ў зямлю, і следу ад іх не засталося. Бабуля баялася, што Герда, убачыўшы гэтыя ружы, успомніць пра свае, а там і пра Кая ды і ўцячэ ад яе.

Потым бабуля павяла Герду ў кветнік. Ах, які водар тут быў, якая прыгажосць: самыя розныя кветкі, і на кожную часіну года! На ўсім свеце не знайшлося б кніжкі з малюнкамі больш стракатымі і больш прыгожымі за гэты кветнік. Герда скакала ад радасці і гуляла сярод кветак, пакуль сонца не села за высокімі вішнёвымі дрэвамі. Тады яе паклалі ў дзівосную пасцель з чырвонымі шаўковымі пярынкамі, набітымі блакітнымі фіялкамі. Дзяўчынка заснула, і ёй сніліся сны, якія бачыць хіба толькі каралева ў дзень свайго вяселля.

Назаўтра Гердзе зноў дазволілі гуляць у дзівосным кветніку на сонцы. Так прайшло шмат дзён. Герда ведала цяпер кожную кветку ў садзе, але як ні многа іх было, ёй усё ж здавалася, што якогасьці не хапае, толькі якога? І вось аднойчы яна сядзела і разглядвала бабульчын саламяны капялюш, размаляваны кветкамі, і самай прыгожай з іх была ружа — бабуля забылася яе сцерці, калі схавала жывыя ружы пад зямлю. Вось што значыць няўважлівасць!

— Як! Тут няма руж? — сказала Герда і адразу ж пабегла ў сад, шукала іх, шукала, ды так і не знайшла.

Тады дзяўчынка прысела на зямлю і заплакала. Цёплыя слёзы падалі якраз на тое месца, дзе стаяў раней адзін з ружавых кустоў, і як толькі яны змачылі зямлю, куст імгненна вырас з яе, такі ж квітнеючы, як і быў.

Абвіла яго ручкамі Герда, пачала цалаваць кветкі і ўспомніла тыя цудоўныя ружы, што квітнелі ў яе дома, а разам з імі і Кая.

— Як жа я затрымалася! — сказала дзяўчынка. — Мне ж трэба шукаць Кая!.. Вы не ведаеце, дзе ён? — запыталася яна ў руж. — Ці праўда, што ён памёр і не вернецца больш?

— Ён не памёр! — адказалі ружы. — Мы ж былі пад зямлёй, дзе ляжаць усе памёршыя, але Кая між іх не было.

— Дзякуй вам! — сказала Герда і пайшла да іншых кветак, заглядвала ў іх чашачкі і пыталася:

— Вы не бачылі, дзе Кай?

Але кожная кветка грэлася на сонейку і думала толькі пра сваю ўласную казку ці гісторыю. Шмат іх наслухалася Герда, але ніводная не сказала ні слова пра Кая.

Тады Герда пайшла да дзьмухаўца, які ззяў у зіхоткай зялёнай траве.

— Ты, маленькае яснае сонейка! — сказала яму Герда. — Скажы, ці не ведаеш, дзе мне шукаць майго пабрацімку?

Дзьмухавец заззяў яшчэ ярчэй і паглядзеў на дзяўчынку. Якую ж песеньку праспяваў ён ёй? На жаль, ў гэтай песеньцы ні слова не гаварылася пра Кая!

— Быў першы вясновы дзень, сонца грэла і так прыветна свяціла на маленькі дварок. Промні яго слізгацелі па белай сцяне суседняй хаты, і каля самай сцяны паказалася першая жоўценькая кветачка, яна ззяла на сонцы, нібы залатая. На двор выйшла пасядзець старая бабуля. Вось вярнулася з гасцей яе ўнучка, бедная служанка, і пацалавала бабулю. Пацалунак дзяўчыны даражэйшы за золата — ён ідзе проста ад сэрца. Золата на яе вуснах, золата ў сэрцы, золата і на небе ў ранішні час! Вось і ўсё! — сказаў дзьмухавец.

— Няшчасная мая бабуля! — уздыхнула Герда. — Напэўна, яна сумуе па мне і бядуе, як бедавала па Каю. Але я хутка вярнуся і яго прывяду з сабой. Няма чаго больш і распытваць кветкі — толку ад іх не даб'ешся, яны толькі і расказваюць сваё! — І яна пабегла ў канец саду.

Дзверы былі зачынены, але Герда так доўга хістала іржавую засаўку, што яна паддалася, дзверы адчыніліся, і дзяўчынка так, басаножкай, пабегла па дарозе. Разы тры азірнулася назад, але ніхто не гнаўся за ёю.

Нарэшце яна стамілася, прысела на камень і агледзелася: лета прайшло, на дварэ была позняя восень. Толькі ў дзівосным бабульчыным садзе, дзе вечна ззяла сонейка і цвілі кветкі ўсіх часін года, гэтага не заўважалася.

— Божа! Як жа я забавілася! Бо ўжо восень на дварэ! Тут не да адпачынку! — сказала Герда і зноў рушыла ў дарогу.

Ах, як нылі яе бедныя стомленыя ножкі! Як холадна, сыра было навокал! Доўгае лісце на вербах зусім пажаўцела, туман асядаў на яго буйнымі кроплямі і сцякаў на зямлю; лісце так і сыпалася. Адзін толькі цярноўнік стаяў увесь пакрыты даўкімі, аскомістымі ягадамі. Якім шэрым, панурым здаваўся ўвесь свет!

 

Гісторыя чацвертая

Прынц і прынцэса

Давялося Гердзе зноў прысесці адпачыць. На снезе проста перад ёю скакаў вялікі крумкач. Доўга глядзеў ён на дзяўчынку, ківаючы ёй галавой, і нарэшце прамовіў:

— Кар-кар! Добры дзень!

Выгаворваць па-чалавечы чысцей ён не мог, але жадаў дзяўчынцы дабра і запытаўся ў яе, куды гэта яна брыдзе па белым свеце адзінюткая. Што такое «адзінюткая», Герда ведала вельмі добра, сама на сабе зведала. Расказаўшы крумкачу пра ўсё сваё жыццё, дзяўчынка пацікавілася, ці не бачыў ён Кая.

Крумкач задумліва пакруціў галавой і сказаў:

— Магчыма! Магчыма!

— Як! Праўда? — усклікнула дзяўчынка і ледзь не задушыла крумкача — так моцна яна яго пацалавала.

— Цішэй, цішэй! — сказаў крумкач. — Думаю, гэта быў твой Кай. Але цяпер ён, пэўна, забыўся пра цябе са сваёю прынцэсай!

— Хіба ён жыве ў прынцэсы? — спытала Герда.

— А вось паслухай, — сказаў крумкач. — Толькі мне вельмі цяжка гаварыць па-вашаму. Калі б ты разумела па-крумкачынаму, я б паведаў табе пра ўсё значна лепш.

— Не, гэтаму мяне не вучылі, — сказала Герда. — Як шкада!

— Але нічога, — сказаў крумкач. — Раскажу, як здолею, хоць і дрэнна.

І ён расказаў усё, што ведаў.

— У каралеўстве, дзе мы з табой знаходзімся, ёсць прынцэса, такая разумніца, што і перадаць нельга! Прачытала ўсе газеты на свеце і забыла ўсё, што ў іх прачытала, — вось якая разумніца! Аднаго разу неяк сядзіць яна на троне — а радасці ў гэтым не надта шмат, як людзі кажуць, — і напявае песеньку: «Чаму б мне не выйсці замуж?» «А то і на самай справе!» — падумала яна, і ёй захацелася замуж. Ды мужам яна хацела выбраць такога чалавека, які б умеў адказваць, калі з ім размаўляюць, а не такога, які ўмеў бы толькі важнічаць, — гэта ж так сумна! І вось барабанным боем склікаюць усіх прыдворных дам, аб'яўляюць ім волю прынцэсы. Як яны ўсе ўзрадаваліся! «Вось гэта нам падабаецца! — кажуць. — Мы і самі нядаўна аб гэтым думалі!» Усё гэта шчырая праўда! — дадаў крумкач. — У мяне пры двары ёсць нявеста — ручная варона, ад яе якраз я і ведаю ўсё гэта.

На другі дзень усе газеты выйшлі з паласой з сэрцаў і з вензелямі прынцэсы. У газетах было абвешчана, што кожны малады чалавек прыемнага выгляду можа прыйсці ў палац і паразмаўляць з прынцэсай; таго ж, хто будзе трымацца проста, як дома, і акажацца найбольш красамоўным, прынцэса выбера за мужа. Так, так! — паўтарыў крумкач. — Усё гэта такая ж праўда, як тое, што я сяджу тут перад табою. Народ валам паваліў у палац, пачалася цісканіна і таўкатня, але ўсё без карысці ні ў першы, ні на другі дзень. На вуліцы ўсе жаніхі размаўляюць выдатна, а варта ім пераступіць парог палаца, убачыць гвардыю ў срэбры ды лакеяў у золаце і ўвайсці ў вялізныя, залітыя святлом залы — і бянтэжацца. Падыдуць да трона, дзе сядзіць прынцэса, ды і паўтараюць за ёю яе ж словы, а ёй зусім не гэта было патрэбна. Ну, быццам на іх чары напускалі, апойвалі дурманам! А выйдуць за вароты — зноў вяртаецца да іх дар слова. Ад самых варот да дзвярэй цягнуўся доўгі-доўгі хвост жаніхоў. Я сам там быў і бачыў.

— Ну, а Кай жа, Кай? — спытала Герда. — Калі ж ён з'явіўся? І ён прыйшоў сватацца?

— Пачакай! Пачакай! Вось мы якраз дайшлі і да яго!На трэці дзень з'явіўся невялічкі чалавечак, не ў карэце, не вярхом, а проста пяшком, і напрасткі ў палац. Вочы ззяюць, як твае, валасы доўгія, вось толькі апрануты бедна.

— Гэта Кай! — узрадавалася Герда. — Я знайшла яго! — І яна запляскала ў ладкі.

— За плячыма ў яго была торба, — працягваў крумкач.

— Не, гэта, пэўна, былі яго санкі! — сказала Герда. — Ён пайшоў з дому з санкамі.

— Магчыма і так! — сказаў крумкач. — Я не асабліва прыглядваўся. Дык вось, мая нявеста расказвала, як увайшоў ён у вароты палаца і ўбачыў гвардыю ў срэбры, а па ўсёй лесвіцы лакеяў у золаце, то ніколькі не разгубіўся, толькі галавой кіўнуў і сказаў: «Сумненька, відаць, стаяць тут на лесвіцы, увайду ж я лепш у пакоі!» А ўсе залы заліты святлом. Тайныя саветнікі і іх правасхадзіцельствы пахаджваюць без ботаў, залатыя талеркі са стравамі разносяць, — больш урачыста і немагчыма. Боты яго жахліва рыпяць, а яму хоць бы што.

— Гэта, напэўна, Кай! — усклікнула Герда. — Я ведаю, ён быў у новых ботах. Я сама чула, як яны рыпелі, калі ён прыходзіў да бабулі.

— Так, яны вельмі рыпелі, — працягваў крумкач. — Але ён смела падышоў да прынцэсы. Яна сядзела на жамчужыне памерам з кола калаўрота, а вакол стаялі прыдворныя дамы са сваімі служанкамі і служанкамі служанак і кавалеры са слугамі і слугамі слуг, а ў тых зноў прыслужнікі. Чым бліжэй хтосьці стаяў да дзвярэй, тым вышэй задзіраў нос. На прыслужніка слугі, які прыслужваў слузе і стаяў каля самых дзвярэй, нельга было і зірнуць без дрыжыкаў — такі ён быў важны!

— Ну і страхоцце ж! — сказала Герда. — А Кай усё ж такі ажаніўся з прынцэсай?

— Калі б я не быў крумкачом, я б сам ажаніўся з ёю, хоць я і заручаны. Ён завёў з прынцэсай размову і размаўляў не горш, чым я па-крумкачынаму, — так, прынамсі, сказала мне мая нарачоная. Трымаўся ён свабодна і міла і заявіў, што прыйшоў не сватацца, а толькі паслухаць разумную прынцэсу. Ну і вось, яна яму спадабалася, ён ёй таксама.

— Так-так, гэта Кай! — сказала Герда. — Ён жа такі разумны! Ён ведаў усе чатыры дзеянні арыфметыкі, ды яшчэ з дробамі! Ах, правядзі ж мяне ў палац!

— Лёгка сказаць, — адказаў крумкач, — цяжка зрабіць. Пачакай, я пагавару з маёй нявестай, яна што-небудзь прыдумае і параіць нам. Ты думаеш, што цябе вось так прама і пусцяць у палац? Не, не вельмі і пускаюць такіх дзяўчынак!

— Мяне пусцяць! — сказала Гёрда. — Калі Кай пачуе, што я тут, ён адразу ж прыбяжыць па мяне.

— Пачакай мяне тут каля агароджы, — сказаў крумкач, страсянуў галавой і паляцеў.

Вярнуўся ён ужо зусім пад вечар і закаркаў:

— Кар! Кар! Мая нявеста шле табе тысячу паклонаў і вось гэту булачку. Яна ўкрала яе на кухні — там іх многа, а ты, пэўна, галодная!.. Ну, у палац табе не трапіць: ты ж босая — гвардыя ў срэбры і лакеі ў золаце нізашто не прапусцяць цябе. Але не плач, ты ўсё ж такі будзеш там. Нявеста мая ведае, як прайсці ў спальню прынцэсы з чорнага ходу і дзе дастаць ключ.

І вось яны ўвайшлі ў сад, пайшлі па доўгіх алеях, дзе адно за адным падала асенняе лісце, і калі агні ў палацы патухлі, крумкач правёў дзяўчынку ў прачыненыя дзверы.

О, як білася сэрцайка Герды ад страху і нецярплівасці! Нібы яна збіралася зрабіць штосьці дрэннае, а яна ж толькі хацела даведацца, ці не тут яе Кай! Так, так, ён, пэўна, тут! Герда так выразна ўяўляла сабе яго разумныя вочы, доўгія валасы, і як ён усміхаўся ёй, калі яны, бывала, сядзелі побач пад кустамі ружаў. А як узрадуецца ён цяпер, калі ўбачыць яе, пачуе, на які доўгі шлях рашылася яна дзеля яго, даведаецца, як бедавалі з-за яго ўсе сваякі! Ах, яна была проста сама не свая ад страху і радасці!

Але вось яны на лесвічнай пляцоўцы. На шафе гарэла лямпа, а на парозе сядзела ручная варона і азіралася на бакі. Герда прысела і пакланілася, як вучыла яе бабуля.

— Мой жаніх расказваў мне пра вас столькі добрага, паненка! — сказала ручная варона. — І ваша жыццё таксама вельмі жаласлівае! Ці не возьміце вы лямпу, а я пайду наперадзе. Мы пакіруем напрасткі і тут нікога не сустрэнем.

— А мне здаецца, за намі хтосьці ідзе, — сказала Герда, і ў тую ж хвіліну міма яе з лёгкім шумам пранесліся нейкія цені: коні з трапяткімі грывамі і тонкімі нагамі, паляўнічыя, дамы і кавалеры конна.

— Гэта сны! — сказала ручная варона. — Яны з'яўляюцца сюды, каб думкі высокіх асоб паляцелі на паляванне. Тым лепш для нас, зручней будзе разгледзець спячых.

Тут яны ўвайшлі ў першую залу, дзе сцены былі абабіты ружовым атласам, вытканым кветкамі. Міма дзяўчынкі зноў пранесліся сны, але так хутка, што яна не паспела разгледзець коннікаў. Адна зала была прыгажэйшая за другую, так што было ад чаго збянтэжыцца. Нарэшце яны дайшлі да спальні. Столь напамінала верхавіну вялізнай пальмы з каштоўным крыштальным лісцем; з сярэдзіны столі спускалася тоўстае залатое сцябло, на якім віселі два ложкі ў выглядзе лілей. Адзін быў белы, у ім спала прынцэса, другі — чырвоны, і ў ім Герда спадзявалася знайсці Кая. Дзяўчынка злёгку адхінула адзін з чырвоных пялёсткаў і ўбачыла цёмна-русую патыліцу. Гэта Кай! Яна гучна назвала яго па імені і паднесла лямпу да самага яго твару. Сны з шумам адляцелі прэч; прынц прачнуўся і павярнуў галаву... Ах, гэта быў не Кай!

Прынц быў падобны на яго толькі з патыліцы, але быў такі ж малады і прыгожы. З белай лілеі выглянула прынцэса і запытала, што здарылася. Герда заплакала і расказала ўсю сваю гісторыю, упамянуўшы і пра тое, што зрабілі для яе крумкач і варона.

— Ах ты небарака! — сказалі прынц і прынцэса, пахвалілі крумкача і варону, аб'явілі, што ніколькі не злуюцца на іх — толькі няхай яны не робяць гэтага ў далейшым, — і захацелі нават узнагародзіць іх. — Хочаце быць вольнымі птушкамі? — запытала прынцэса. — Ці жадаеце заняць пасаду прыдворных варон, на поўным забеспячэнні з кухонных рэшткаў?

Крумкач з варонай пакланіліся і папрасілі пасады пры двары. Яны падумалі пра старасць і сказалі:

— Добра ж мець надзейны кавалак хлеба на старасці год!

Прынц падняўся і ўступіў свой ложак Гердзе — больш ён пакуль нічога не мог для яе зрабіць. А яна склала ручкі і падумала:«Якія добрыя ўсе людзі і жывёлы!» — заплюшчыла вочы і салодка заснула. Сны зноў прыляцелі ў спальню, але цяпер яны везлі на маленькіх саначках Кая, які ківаў Гердзе галавою. На жаль, усё гэта было толькі сном і знікла, калі дзяўчынка прачнулася.

На другі дзень яе апранулі з ног да галавы ў шоўк і аксаміт і дазволілі заставацца ў палацы колькі яна пажадае.

Дзяўчынка магла жыць ды пажываць тут прыпяваючы, але прагасцявала ўсяго некалькі дзён і пачала прасіць, каб ёй далі павозку з канём і чаравікі — яна зноў хацела адправіцца па белым свеце на пошукі свайго пабраціма.

Ёй далі і чаравікі, і муфту, і прыгожую сукенку, а калі яна развіталася з усімі, да варот пад'ехала карэта з чыстага золата, з зіхоткімі, як зоркі, гербамі прынца і прынцэсы; у фурмана, лакееў, фарэйтараў — далі ёй і фарэйтараў — красаваліся на галовах маленькія залатыя кароны.

Прынц і прынцэса самі пасадзілі Герду ў карэту і пажадалі ёй шчаслівай дарогі.

Лясны крумкач, які паспеў ужо ажаніцца, праводзіў дзяўчынку першыя тры мілі і сядзеў у карэце побач з ёю — ён не мог ехаць, седзячы спінаю да коней. Ручная варона сядзела на варотах і лопала крыламі. Яна не паехала праводзіць Герду, таму што ў яе балела галава, з таго часу як атрымала пасаду пры двары і занадта шмат ела. Карэта была бітком набіта цукровымі крэндзелямі, а скрыня пад сядзеннем садавінай і пернікамі.

— Бывай! Бывай! — закрычалі прынц і прынцэса.

Герда заплакала, варона — таксама. Праз тры мілі развітаўся з дзяўчынкай і крумкач. Сумнае было развітанне! Крумкач узляцеў на дрэва, махаў чорнымі крыламі да таго часу, пакуль карэта, зіхатлівая, як сонца, не знікла з поля зроку.

 

Гісторыя пятая

Маленькая разбойніца

Вось Герда ўехала ў цёмны лес, у якім жылі разбойнікі. Карэта гарэла як жар, яна сляпіла разбойнікам вочы, і яны проста не маглі яе прапусціць.

— Золата! Золата! — закрычалі яны, схапіўшы коней за аброці, забілі маленькіх фарэйтараў, фурмана, слуг і выцягнулі з карэты Герду.

— Бач якая слаўненькая, тлусценькая! Арэшкамі кармілі! — сказала старая разбойніца з доўгай шорсткай барадой і махнатымі, навіслымі брывамі. — Тлусценькая, як баранчык! Ану, якая на смак будзе?

І яна выцягнула востры зіхоткі нож. Які жах!

— Ай! — ускрыкнула яна раптам: разбойніцу ўкусіла за вуха яе ўласная дачка, якая сядзела ў старой за спінай і была такая нястрымная і свавольная, што проста дзіва! — Ах, ты паганая дзяўчынка! — закрычала маці, але забіць Герду не паспела.

— Яна будзе гуляць са мной, — сказала маленькая разбойніца. — Яна аддасць мне сваю муфту, сваю прыгожую сукенку і будзе спаць са мной на маёй пасцелі.

І дзяўчынка зноў так укусіла маці, што тая падскочыла і закруцілася на месцы. Разбойнікі зарагаталі.

— Бач як скача перад сваёй дзяўчынкай!

— Хачу ў карэту! — закрычала маленькая разбойніца і дамаглася свайго — яна была вельмі распешчаная і ўпартая.

Яны ўселіся з Гердай у карэту і памчалі па пнях і купінах у лясны гушчар.

Маленькая разбойніца была ростам з Герду, але здаравейшая, шырэйшая ў плячах і больш смуглая. Вочы ў яе былі зусім чорныя, але нейкія сумныя. Яна абняла Герду і сказала:

— Яны цябе не заб'юць, пакуль я не раззлуюся на цябе. Ты, пэўна, прынцэса?

— Не, — адказала дзяўчынка і расказала, што давялося ёй перажыць і як яна любіць Кая.

Маленькая разбойніца сур'ёзна паглядзела на яе, злёгку кіўнула і сказала:

— Яны цябе не заб'юць, нават калі я і раззлуюся на цябе, — я лепш сама заб'ю цябе!

І яна выцерла слёзы Гердзе, а потым схавала абедзве рукі ў яе прыгожую, мяккую, цёплую муфтачку.

Вось карэта спынілася: яны ўехалі на двор разбойніцкага замка.

Ён быў увесь у вялікіх расколінах; з іх выляталі крумкачы і вароны. Аднекуль выскачылі вялізныя бульдогі, здавалася, кожнаму з іх хоць бы што праглынуць чалавека, але яны толькі высока падскоквалі і нават не брахалі — гэта было забаронена. Пасярод вялікай залы з напаўразбуранымі закуродымленымі сценамі і каменнай падлогай палала вогнішча. Дым падымаўся да столі і сам павінен быў шукаць сабе выхаду. Над вогнішчам кіпеў у вялізным катле суп, а на ражнах смажыліся зайцы і трусы.

— Ты будзеш спаць разам са мной вось тут, каля майго маленькага звярынца, — сказала Гердзе маленькая разбойніца.

Дзяўчынак накармілі, напаілі, і яны пайшлі ў свой куток, дзе была паслана салома, накрытая дыванамі. Вышэй сядзела на жэрдках больш за сотню галубоў. Усе яны, здавалася, спалі, але калі дзяўчынкі падышлі, злёгку заварушыліся.

— Усе мае! — сказала маленькая разбойніца, схапіла аднаго голуба за ногі і так страсянула яго, што той залопаў крыламі. — На, пацалуй яго! — крыкнула яна і сунула голуба Гердзе проста ў твар. — А вось тут сядзяць лясныя ашуканчыкі, — працягвала яна, паказваючы на двух галубоў, якія сядзелі ў невялікім заглыбленні ў сцяне, за драўлянымі кратамі. — Гэтыя абодва — лясныя ашуканчыкі. Іх трэба трымаць пад замком, бо хутка знікнуць! А вось і мой мілы старыкан! — І дзяўчынка тузанула за рогі прывязанага да сцяны паўночнага аленя з бліскучым медным ашыйнікам. — Яго таксама патрэбна трымаць на прывязі, інакш уцячэ! Кожны вечар я казычу яго пад шыяй сваім вострым нажом — ён да смерці гэтага баіцца.

Затым маленькая разбойніца выцягнула з расколіны ў сцяне доўгі нож і правяла ім па шыі аленя. Няшчасная жывёліна пачала брыкацца, а дзяўчынка зарагатала і пацягнула Герду да пасцелі.

— Няўжо ты і спіш з нажом? — запыталася ў яе Герда.

— Заўсёды! — адказала маленькая разбойніца. — Мала што можа здарыцца! Ну, раскажы мне яшчэ раз пра Кая і пра тое, як ты адправілася падарожнічаць па белым свеце.

Герда расказала. Лясныя галубы ў клетцы ціха буркавалі; іншыя галубы ўжо спалі. Маленькая разбойніца абвіла адной рукой шыю Герды — у другой у яе быў нож — і захрапла, але Герда не магла заплюшчыць вачэй, не ведаючы, заб'юць яе ці пакінуць жывой.

Раптам лясныя галубы прабуркавалі:

— Курр! Курр! Мы бачылі Кая! Белая курыца несла на спіне яго санкі, а ён сядзеў на санях Снежнай каралевы. Яны ляцелі над лесам, калі мы, птушаняты, яшчэ ляжалі ў гняздзе. Яна дыхнула на нас, і ўсе памерлі, акрамя нас дваіх. Курр! Курр!

— Што вы кажаце! — усклікнула Герда. — Куды ж паляцела Снежная каралева? Ведаеце?

— Напэўна, у Лапландыю — там жа вечны снег і лёд. Запытайся ў паўночнага аленя, які прывязаны тут.

— Так, там вечны снег і лёд. Дзіва як добра! — сказаў паўночны алень. — Там скачаш сабе на волі па вялізных зіхатлівых раўнінах. Там стаіць летні шацёр Снежнай каралевы, а сталае яе прыстанішча — палац каля Паўночнага полюса, на выспе Шпіцберген.

— О Кай, мой мілы Кай! — уздыхнула Герда.

— Ляжы ціха, — сказала маленькая разбойніца, — бо пырну цябе нажом!

Раніцай Герда расказала ёй, што чула ад лясных галубоў. Маленькая разбойніца сур'ёзна паглядзела на Герду, кіўнула галавой і сказала:

— Ну, няхай будзе так!.. А ты ведаеш, дзе Лапландыя? — запыталася яна пасля ў паўночнага аленя.

— Каму ж і ведаць, калі не мне! — адказаў алень, і вочы яго заззялі. — Там я нарадзіўся і вырас, там скакаў па снежных раўнінах.

— Дык слухай, — сказала Гердзе маленькая разбойніца. — Бачыш, усе нашы пайшлі, дома засталася адна маці; трохі счакаўшы яна глыне са сваёй вялікай бутэлькі і задрэмле, тады я штосьці зраблю для цябе.

І вось старая глынула са сваёй бутэлькі і захрапла, а маленькая разбойніца падышла да паўночнага аленя і сказала:

— Яшчэ доўга можна было б здзеквацца з цябе! Занадта ж ты пацешны, калі цябе казычыш вострым нажом. Ну, ды няхай будзе так! Я адвяжу цябе і адпушчу на волю. Можаш бегчы ў сваю Лапландыю, але за гэта ты павінен адвезці да палаца Снежнай каралевы гэту дзяўчынку — там яе пабрацім. Ты ж, канешне, чуў, што яна расказвала? Яна гаварыла гучна, а ў цябе заўжды слых на семярых.

Паўночны алень так і падскочыў ад радасці. А маленькая разбойніца пасадзіла на яго Герду, моцна прывязала для пэўнасці і нават падсунула пад яе мяккую падушку, каб ёй зручней было сядзець.

— Няхай будзе так, — сказала яна затым, — вазьмі назад свае футровыя боцікі — холадна ж будзе! А муфту ўжо я пакіну сабе, вельмі ж яна прыгожая. Але мерзнуць я табе не дам: вось вялікія рукавіцы маёй маці, яны дойдуць табе да самых локцяў. Засунь у іх рукі! Ну вось, цяпер рукі ў цябе, як у маёй пачварнай маці.

Герда плакала ад радасці.

— Цярпець не магу, калі хныкаюць! — сказала маленькая разбойніца. — Ты павінна радавацца. Вось табе яшчэ два боханы і кумпяк, каб не давялося галадаць.

І тое і другое было прывязана да аленя.

Потым маленькая разбойніца адчыніла дзверы, заманіла сабак у дом, перарэзала сваім вострым нажом вяроўку, якою быў прывязаны алень, і сказала яму:

— Ну, хутчэй! Ды беражы мне дзяўчынку.

Герда працягнула маленькай разбойніцы абедзве рукі ў вялікіх рукавіцах і развіталася з ёю. Паўночны алень пабег што меў сілы праз пні і купіны па лесе, па балотах і стэпах. Вылі ваўкі, каркалі вароны.

— Ух! Ух! — пачулася раптам з неба, і яно быццам пачало чхаць агнём.

— Вось маё роднае паўночнае ззянне! — сказаў алень. — Глядзі, як гарыць.

І ён пабег далей, не спыняючыся ні ўдзень, ні ўночы. Хлеб быў з'едзены, вяндліна таксама, і нарэшце яны апынуліся ў Лапландыі.

 

Гісторыя шостая

Лапландка і фінка

Алень спыніўся каля ўбогай хаціны. Дах спускаўся да самай зямлі, а дзверы былі такія нізенькія, што людзям даводзілася прапаўзаць у іх на карачках.

Дома была адна старая лапландка, якая смажыла рыбу пры святле тлушчавай лямпы. Паўночны алень расказаў лапландцы ўсю гісторыю Герды, але спачатку паведаў сваю ўласную — яна здавалася яму больш важнай.

Герда ж так скалела на холадзе, што і гаварыць не магла.

— Ах вы небаракі! — сказала лапландка. — Доўгі ж у вас яшчэ наперадзе шлях! Давядзецца пераадолець сто з лішнім міль, пакуль дабярэцеся да Фінляндыі, дзе Снежная каралева жывё на дачы і кожны вечар запальвае блакітныя бенгальскія агні. Я напішу некалькі слоў на сушанай трасцэ — паперы ў мяне няма, — і вы аднясеце пасланне фінцы, якая жыве ў тых мясцінах і лепш за мяне здолее навучыць вас, што патрэбна рабіць.

Калі Герда сагрэлася, паела і напілася, лапландка напісала некалькі слоў на сушанай трасцэ, наказала Гердзе вельмі берагчы яе, потым прывязала дзяўчынку да спіны аленя, і той зноў памчаўся.

— Ух! Ух! — пачулася зноўку з неба, і яно пачало выкідваць слупы дзівоснага блакітнага полымя. Так дабег алень з Гердай і да Фінляндыі і пастукаўся да фінкі ў комін — у яе хаціне і дзвярэй нават не было.

Ды затое, якая цеплыня ў жыллі! Сама фінка, нізенькая тоўстая жанчына, хадзіла напаўголая. Жвава сцягнула яна з Герды вопратку, рукавіцы і боты, інакш дзяўчынцы было б горача, паклала аленю на галаву кавалак лёду і затым пачала чытаць тое, што было напісана на сушанай трасцэ.

Яна прачытала ўсё ад слова да слова тры разы, пакуль не вывучыла напамяць, а потым сунула траску ў кацёл — рыба ж была прыдатная для ежы, а ў фінкі нічога дарэмна не прападала.

Тут алень расказаў спачатку сваю гісторыю, а потым гісторыю Герды. Фінка міргала сваімі разумнымі вачыма, але не гаварыла ні слова.

— Ты такая мудрая жанчына... — сказаў алень. — Ці не прыгатуеш для дзяўчынкі такое пітво, якое б дало ёй моц дванаццаці асілкаў? Тады б яна адолела Снежную каралеву!

— Моц дванаццаці асілкаў! — сказала фінка. — Ды ці многа ў тым карысці!

З гэтымі словамі яна ўзяла з паліцы вялікі скураны скрутак і разгарнула яго: ён быў увесь спісаны нейкімі дзіўнымі пісьмёнамі.

Фінка пачала чытаць яго і чытала датуль, пакуль пот градам не пакаціўся з яе ілба.

Алень зноў пачаў прасіць дапамагчы Гердзе, а сама Герда глядзела на фінку такімі ўмольнымі вачыма, што тая зноў замігала, адвяла аленя ўбок і, мяняючы яму на галаве лёд, шапнула:

— Кай сапраўды ў Снежнай каралевы, але ён цалкам задаволены і думае, што лепей яму нідзе і быць не можа. Прычынай жа ўсяму асколкі люстэрка, якія сядзяць у ягоным сэрцы і ў воку. Іх трэба дастаць, іначай Снежная каралева захавае над ім сваю ўладу.

— А ці не можаш ты даць Гердзе што-небудзь такое, што зробіць яе дужэйшай за ўсіх?

— Дужэйшай, чым яна ёсць, я не магу яе зрабіць. Не бачыш хіба, якая вялікая ў яе сіла? Не бачыш, што ёй служаць і людзі і звяры? Яна ж босая абышла паўсвету! Не ў нас займаць ёй сілу, яе сіла ў яе сэрцы, у тым, што яна бязвіннае мілае дзіця. Калі яна сама не зможа прабрацца ў палац Снежнай каралевы і дастаць з сэрца Кая асколак, то мы і тым больш ёй не дапаможам! Праз дзве мілі адсюль пачынаецца сад Снежнай каралевы. Аднясі туды дзяўчынку, пакінь каля вялікага куста, абсыпанага чырвонымі ягадамі, і, не марудзячы, вяртайся назад.

З гэтымі словамі фінка пасадзіла Герду на спіну аленя, і той кінуўся бегчы з усіх ног.

— Ай, я без цёплых ботаў! Ай, я без рукавіц! — закрычала Герда, апынуўшыся на марозе.

Ды алень не мог спыніцца, пакуль не дабег да куста з чырвонымі ягадамі. Тут ён апусціў дзяўчынку, пацалаваў яе ў вусны, і па ягоных шчоках пакаціліся буйныя бліскучыя слёзы. Затым ён стралой паляцеў назад.

Няшчасная дзяўчынка засталася адна на траскучым марозе, без чаравікаў, без рукавіц.

Яна пабегла наперад на ўсю моц. Насустрач ёй ляцеў цэлы полк снежных камякоў, але яны не падалі з неба — неба было зусім яснае, і ў ім палымнела паўночнае ззянне, — не, яны беглі па зямлі проста на Герду і станавіліся ўсё буйнейшымі і буйнейшымі.

Герда прыгадала вялікія прыгожыя камякі пад павелічальным шклом, але гэтыя былі значна большыя, страшнейшыя, і ўсе жывыя.

Гэта былі перадавыя дазорныя войскі Снежнай каралевы.

Адны нагадвалі сабой вялікіх пачварных вожыкаў, другія — стогаловых змеяў, трэція — тоўстых медзведзянят з узлахмачанай поўсцю. Але ўсе яны аднолькава зіхацелі белізной, усе былі жывымі снежнымі камякамі.

Аднак Герда смела ішла ўсё наперад і наперад і нарэшце дабралася да палаца Снежнай каралевы.

Паглядзім жа, што адбывалася ў гэты час з Каем. Ён і не думаў пра Герду, а ўжо менш за ўсё пра тое, што яна вельмі блізка ад яго.

 

Гісторыя сёмая

Што здарылася ў палацы Снежнай каралевы і што адбылося потым

Сценамі палаца былі завірухі, вокнамі і дзвярыма — вятры. Больш за сто залаў цягнулася тут адна за адной так, як намятала іх завіруха. Усе яны асвятляліся паўночным ззяннем, і самая вялікая распасціралася на мноства міль. Як холадна, як пустэльна было ў гэтых белых, ярка ззяючых пакоях! Весялосць ніколі не заглядвала сюды. Ніколі не праводзіліся тут мядзведжыя балі з танцамі пад музыку буры, на якіх маглі б вызначыцца зграбнасцю і ўменнем хадзіць на задніх лапах белыя мядзведзі; ніколі не гулялі ў карты са спрэчкамі і бойкай, не збіраліся паразмаўляць за кубкам кавы беленькія кумкі-лісічкі.

Холадна, пустэльна, грандыёзна! Паўночнае ззянне ўспыхвала і гарэла так размерана, што можна было дакладна разлічыць, у якую хвіліну святло ўзмацніцца, у якую пацямнее. Пасярод самай вялікай пустэльнай снежнай залы знаходзілася замёрзлае возера. Лёд патрэскаўся на ім на тысячы кавалкаў, такіх аднолькавых і правільных, што гэта здавалася, якімсьці фокусам. Пасярод возера сядзела Снежная каралева, калі бывала дома, сцвярджаючы, што сядзіць на люстэрку розуму, на яе думку, гэта было адзінае і лепшае люстэрка ў свеце.

Кай зусім ссінеў, амаль счарнеў ад холаду, але не заўважаў гэтага — пацалункі Снежнай каралевы зрабілі яго неадчувальным да холаду, ды і само сэрца яго было ўсё роўна як кавалак лёду. Кай поркаўся каля плоскіх востраканцовых ільдзін, укладваючы іх на разнастайныя лады. Ёсць такая гульня — складванне фігур з драўляных дошчачак, — якая называецца кітайскай галаваломкай. Вось Кай таксама складваў розныя забаўныя фігуры, толькі з ільдзін і гэта называлася ледзяной гульнёй розуму. У ягоных вачах гэтыя фігуры былі цудам мастацтва, а складванне іх — заняткам першараднай важнасці. Гэта здарылася таму, што ў ягоным воку сядзеў асколак чароўнага люстэрка.

Складваў ён і такія фігуры, з якіх атрымліваліся цэлыя словы, але ніяк не мог скласці таго, што яму асабліва хацелася, — слова «вечнасць». Снежная каралева сказала яму: «Калі ты складзеш гэта слова, ты будзеш сам сабе пан, і я падару табе ўвесь свет і новыя канькі». Але ён ніяк не мог яго скласці.

— Цяпер я палячу ў цёплыя краіны, — сказала Снежная каралева, — зазірну ў чорныя катлы.

Так яна называла кратэры агнядышных гор — Этны і Везувія.

— Пабялю іх трошкі. Гэта карысна для лімонаў і вінаграду.

Яна паляцела, а Кай застаўся адзін у неабсяжнай пустэльнай залё, глядзеў на ільдзіны і ўсё думаў, думаў, аж у галаве ягонай трашчала. Ён сядзеў на месцы, такі бледны, нерухомы, быццам нежывы. Можна было падумаць, што ён зусім змерз.

Якраз у гэты час у вялізныя вароты, якімі былі парывістыя вятры, уваходзіла Герда. І перад ёю вятры сціхлі, нібы паснулі. Яна ўвайшла ў велізарную пустэльную ледзяную залу і ўбачыла Кая. Адразу пазнаўшы яго, дзяўчынка кінулася яму на шыю, моцна абняла і ўсклікнула:

— Кай, мілы мой Кай! Нарэшце ж я знайшла цябе!

Але ён сядзеў усё такі ж нерухомы і халодны. І тады Герда заплакала; гарачыя слёзы яе пацяклі яму на грудзі, праніклі ў сэрца, растапілі ледзяную кару, расплавілі асколак. Кай зірнуў на Герду і раптам заліўся слязамі і плакаў так моцна, што асколак выцек з вока разам са слязамі. Тады ён пазнаў Герду і ўзрадаваўся:

— Герда! Мілая Герда!.. Дзе ж гэта ты была так доўга? Дзе ж быў я сам? — І ён агледзеўся вакол. — Як тут холадна і пустэльна!

І ён моцна абняў Герду. А яна смяялася і плакала ад радасці. І гэта было так цудоўна, што нават ільдзіны пусціліся ў скокі, а калі стаміліся, то ўлегліся і склалі тое самае слова, якое задала скласці Каю Снежная каралева. Склаўшы яго, ён мог стаць сам сабе панам ды яшчэ атрымаць ад яе ў падарунак увесь свет і новыя канькі.

Герда пацалавала Кая ў абедзве шчокі, і яны зноў запунсавелі, як ружы; пацалавала яго ў вочы, і яны заблішчалі; пацалавала яго рукі і ногі, і ён зноў стаў бадзёрым і здаровым.

Снежная каралева магла вярнуцца невядома калі — яго адпускная ляжала тут, напісаная бліскучымі ледзянымі літарамі.

Кай з Гердай поплеч выйшлі з ледзянога палаца. Яны ішлі і размаўлялі пра бабулю, пра ружы, якія квітнелі ў іх садку, і перад імі сціхалі парывістыя вятры, праглядвала сонца. А калі дайшлі да куста з чырвонымі ягадамі, там ужо чакаў іх паўночны алень.

Кай і Герда накіраваліся спачатку да фінкі, адагрэліся ў яе і даведаліся пра дарогу дамоў, а потым — да лапландкі. Тая пашыла ім новае адзенне, адрамантавала свае сані і паехала іх праводзіць.

Алень таксама праводзіў юных падарожнікаў аж да самай граніцы Лапландыі, дзе ўжо прабівалася першая трава. Тут Кай і Герда развіталіся з ім і лапландкай.

Вось перад імі і лес. Заспявалі першыя птушкі, дрэвы пакрыліся зялёнымі пупышкамі. З лесу насустрач падарожнікам выехала вярхом на прыгожым кані маладая дзяўчына ў ярка-чырвонай шапачцы, з пісталетамі за поясам.

Герда адразу пазнала і каня — ён быў калісьці запрэжаны ў залатую карэту — і дзяўчыну. Гэта была маленькая разбойніца.

Яна таксама пазнала Герду. Колькі было радасці!

— Бач ты, валацуга! — сказала яна Каю. — Хацела б я ведаць, ці варты ты таго, каб па цябе бегалі на край свету.

Але Герда пагладзіла яго па шчацэ і запытала пра прынца і прынцэсу.

— Яны паехалі ў чужую краіну, — адказала маладая разбойніца.

— А крумкач? — пацікавілася Герда.

— Лясны крумкач памёр; ручная варона засталася ўдавой, ходзіць з чорнай шарсцінкай на ножцы і скардзіцца на лёс. Ды ўсё гэта дробязі, а вось ты лепш раскажы, што з табой было і як ты адшукала яго.

Герда і Кай расказалі ёй пра ўсё.

— Ну, вось і казцы канец! — сказала маладая разбойніца, паціснула ім рукі і паабяцала наведаць іх, калі заедзе ў горад.

Затым яна накіравалася сваёй дарогай, а Кай і Герда — сваёй.

Яны ішлі, і на іх шляху расцвіталі вясновыя кветкі, зелянела трава. Нарэшце пачуўся перазвон, і яны пазналі званіцы свайго роднага горада. Яны падняліся па знаёмай лесвіцы і ўвайшлі ў пакой, дзе ўсё было па-старому: гадзіннік вызвоньваў «цік-так», стрэлкі рухаліся па цыферблаце. Але, праходзячы ў нізенькія дзверы, яны заўважылі, што сталі зусім дарослымі. Квітнеючыя ружавыя кусты пазіралі з даху ў адчыненае акенца; тут жа стаялі іх дзіцячыя крэсліцы. Кай з Гердай селі кожны на сваё, узяліся за рукі, і халоднае, пустэльнае хараство пакояў Снежнай каралевы забылася, як цяжкі сон.

Так сядзелі яны побач, абое ўжо дарослыя, але дзеці сэрцам і душою, а на дварэ было лета, цёплае цудоўнае лета.

Оцените эту сказку:
Кликните мышкой 
для получения страницы с подробной информацией.
Всего оценок: 3, средняя: 4.0 (от 1 до 5)

 

Наверх
<<< Предыдущая страница Следующая страница >>>
На главную
Содружество Друзей —  Школа Развития Человека

 

   

Старая версия сайта

Книги Родни Коллина на продажу

Нашли ошибку?
Выделите мышкой и
нажмите Ctrl-Enter!

© Василий Петрович Sеменов 2001-2012  
Сайт оптимизирован для просмотра с разрешением 1024х768

НЕ РАЗРЕШАЕТСЯ КОММЕРЧЕСКОЕ ИСПОЛЬЗОВАНИЕ МАТЕРИАЛОВ САЙТА!