|
|
|
|
Случайный отрывок из текста: Фарид ад-дин Аттар. Рассказы о святых. Хазрат Абу Бакр Васти
Рамонак
Слухайце ды на вус матайце, чаму казка вучыць. Непадалёк ад дачы, каля самай канавы, рос у мяккай, зялёнай траве рамонак. Сонечныя промні грэлі і лашчылі яго гэтак жа, як і раскошныя дачныя кветкі — ружы, півоні, цюльпаны. Адным цудоўным ранкам рамонак расцвіў. Жоўтае, круглае, як сонейка, сэрца яго было акружана ззяннем белых промняў-пялёсткаў. Кветку не бянтэжыла, што яна расла ў густой траве, а не каля дачы. Яна была задаволена ўсім. Прагна цягнулася да сонца, мілавалася ім і слухала, як высока-высока ў небе спявае жаўрук. Рамонак быў такі вясёлы і шчаслівы, быццам у дзень, калі ён расцвіў, была нядзеля, а не панядзелак. Ён, як вучні ў класе, смірна сядзеў на сцяблінцы і вучыўся ў яснага сонейка і ва ўсёй навакольнай прыроды. Нават не зайздросціў жаўруку ў небе, які бясконца лятаў і спяваў. Рамонку здавалася: ён шчаслівы! Ніхто з дачных, ганарлівых кветак не прыкмячаў рамонка, які рос каля канавы. Затое ён часта заглядваўся на іх і думаў: «Якія яны прыгожыя! Да іх абавязкова прыляціць у госці нябесны пяюн. Добра, што я расту побач, хаця ўбачу яго зблізку». Раптам пачулася вельмі блізка «квір-квір-віт!» Жаўрук апусціўся не ў дачны сад да півоняў і цюльпанаў, а проста ў траву, да сціплай кветкі. Рамонак зусім разгубіўся ад радасці, не ведаў, што думаць, як быць! Птушка скакала вакол рамонка і спявала: «Ах, якая слаўная мяккая траўка! Якая міленькая кветачка ў срэбранай сукенцы, з залатым сэрцайкам!» Жаўрук пацалаваў кветку, праспяваў ёй сваю песню і зноў узвіўся ў сіняе неба. Рамонак не ведаў, што і рабіць ад шчасця. А дачныя кветкі, якія ўсё бачылі і чулі, гатовы былі лопнуць ад зайздрасці і злосці. У гэты час у сад выйшла дзяўчына з вострым нажом у руках. Яна пачала зразаць цюльпаны. Рамонак перажываў за іх. Але ж і радаваўся, што расце ў густой траве. З захадам сонца рамонак згарнуў пялёсткі, заснуў. Сніўся яму дзіўны сон пра мілую птушку і чырвонае сонейка. Раніцай кветка зноў выпраміла пялёсткі і працягнула іх, як дзіця ручкі, да светлага сонейка. У той жа міг пачуўся голас жаўрука. Але сёння ён быў нейкі сумны. Што здарылася? Птушка трапіла ў палон. Цяпер яна сядзела ў клетцы, якая вісела каля расчыненага акна. Жаўрук спяваў пра высокае неба, пра свежую зеляніну палеткаў, пра волю. Рамонак засумаваў: «Як дапамагчы птушцы, чым?» Усё наўкол нібыта патухла, нічога не радавала. Раптам з сада выйшлі два хлопчыкі. У аднаго з іх быў вялікі і востры нож. Яны наблізіліся да рамонка, пачалі гаварыць паміж сабой: — Вось тут можна выразаць кавалак дзёрну для нашага жаўрука. — Давай спачатку вырвем кветку. — Не, хай застанецца. Так прыгажэй! Яны запусцілі нож у зямлю і выразалі чатырохвугольны кавалак дзёрну. Так рамонак трапіў у клетку да жаўрука. Спявак скардзіўся ўсё ранне на сваю няволю, біўся грудкай аб жалезнае пруцце клеткі. А бедны рамонак не ўмеў гаварыць і не мог усцешыць яго ні слоўцам. А як хацелася дапамагчы сябру! А жаўрук скардзіўся: — Тут няма вады!.. Яны забыліся даць мне папіць. Пайшлі і не пакінулі ні глыточка вады. У мяне зусім перасохла ў горлачку. Тут — духата! Ах, я памру. Не ўбачу болей ні чырвонага сонейка, ні свежай зеляніны, ні ўсяго божага свету... Каб хоць як-небудзь асвяжыцца, жаўрук глыбока ўсунуў дзюбкў ў прахалодны дзёран... Убачыў рамонак, кіўнуў яму галавой, пацалаваў і сказаў: — І ты завянеш тут, бедны!.. Цябе ды вось гэты кавалачак зялёнай травы далі яны мне ўзамен усяго вольнага свету. Ты нагадваеш мне, чаго я пазбаўлены... «Ах, чым мне суцешыць яго?» — думаў рамонак. Ён не мог пашавяліць ні лісцікам і толькі ўсё мацней і мацней прыемна пахнуў. Жаўрук адчуў гэта і не крануў кветку, хаця ад смагі павышчыкваў усю траву. Наступіў вечар. А беднай птушцы так ніхто і не прынёс вады. Яна ў адчаі расправіла свае кароткія крыльцы, сутаргава затрымцела і яшчэ некалькі разоў праціўкала: — Піць!.. Піць!.. Раптам галоўка жаўрука схілілася набок. Сэрцайка яго разарвалася ад смутку і пакутаў. Рамонак не мог той ноччу згарнуць свае пялёсткі і заснуць, як раней. Ён зусім захварэў, стаяў сумны, з паніклай галавой. Толькі на другую раніцу падбеглі да клеткі хлопчыкі. Убачылі мёртвага жаўрука і горка-горка заплакалі. Хавалі птушку па-царску. Паклалі ў прыгожы чырвоны карабок. Выкапалі магілку, упрыгожылі яе кветкамі. Бедны жаўрук! Пакуль ён жыў і спяваў, хлопчыкі забыліся пра яго, пакінулі ў клетцы паміраць ад смагі. А цяпер пралівалі горкія слёзы над яго магілкай. Не лепш яны аднесліся і да рамонка. Разам з дзёрнам выкінулі кветку на пыльную дарогу. А рамонку, які больш за ўсіх любіў жаўрука, так хацелася быць разам з ім. Хаця б на яго магілцы.
|
![]() ![]() ![]() |
|||
|
© Василий Петрович Sеменов 2001-2012
Сайт оптимизирован для просмотра с разрешением 1024х768
НЕ РАЗРЕШАЕТСЯ КОММЕРЧЕСКОЕ ИСПОЛЬЗОВАНИЕ МАТЕРИАЛОВ САЙТА!