|
|
|
|
Случайный отрывок из текста: Райнер Мария Рильке. Письма к молодому поэту
Каўнерык
Жыў-быў элегантны кавалер; у яго толькі і было за душой, што падстаўка, каб здымаць боты, грабянец ды яшчэ вельмі прыгожы, нават франтаваты каўнерык. Вось пра каўнерык і пойдзе размова. Каўнерык пажыў ужо на свеце і пачаў думаць пра жаніцьбу. Выпала яму аднойчы трапіць у начоўкі разам з падвязкай для панчохі. — Ах! — усклікнуў каўнерык. — Якія вы стройныя, якія пяшчотныя і мілыя! Дазвольце ўведаць вашае імя? Але падвязка была вельмі сарамлівая, гэтае запытанне здалося ёй нясціплым, і яна змаўчала. — Вы, мабыць, завязка? — не адступаўся каўнерык. — Штосьці падобнае да тасьмы, што звужае сукенку на стане. Вось, вось, бачу: вы ўпрыгожанне і ў той жа час прыносіце карысць, понадзь мая! — Будзьце ласкавыя, не заводзьце са мной гутаркі! — загневалася падвязка. — Я, здаецца, не давала для гэтага падставы! — Ваша краса — самая лепшая падстава! — сказаў каўнерык. — Ах, прашу, не чапляйцеся! — павысіла голас падвязка. — Вы падобныя на мужчыну! — Канечне, я ж элегантны кавалер! — з гонарам прамовіў каўнерык. — У мяне ёсць падстаўка для ботаў і грабянец! Вось і зманіў! Каўнерык проста хваліўся: тыя рэчы былі не ягоныя, а яго гаспадара. — Адчапіцеся, калі ласка, — не падпускала яго блізка да сябе падвязка. — Я не прывыкла, каб так са мной паводзіліся. — Незачэпа! — буркнуў каўнерык. Тут яго ўзялі, памылі, накрухмалілі, павесілі на спінку крэсла, высушылі на сонцы, затым паклалі на прасавальную дошку. Заявілася гарачая прасавальная плітка. — Пані! — прамовіў каўнерык ёй. — Панадная ўдовачка! Як горача! Я ўвесь палымнею! Са мной штосьці робіцца! Я сам не свой! Вы апякаеце мяне наскрозь! Ух!.. Прашу: вашу руку і сэрца! — Ах ты рызман! — ганарыста сказала прасавальная плітка і цяжка праехалася па каўнерыку. Яна ўяўляла сябе паравозам, што цягне за сабою па рэйках вагоны. Каўнерык крыху абшморгнуўся; і з'явіліся нажніцы, каб падраўняць яму краі. — О! — усклікнуў каўнерык. — Вы, мусіць, знакамітая танцоўшчыца, прыма-балерына! Вы гэтак хораша рухаецеся ножкамі! Ніколі не бачыў нічога такога! Ніхто з жанчын не можа параўнацца з вамі! — Ведаем! — сказалі нажніцы. — Вы вартыя быць графіняй, — прадаўжаў каўнерык. — Але, на жаль, я маю толькі гаспадара-франта, падстаўку для ботаў і грабянец... Ах, каб было ў мяне графства... — Ды ён, здаецца, сватаецца?! — ускрыкнулі нажніцы і ў злосці гэтак спаласавалі каўнерык, што прыйшлося яго выкінуць. «Пасватацца хіба толькі да расчоскі?» — падумаў каўнерык і звярнуўся да яе: — Проста дзіва, як захаваліся вашыя зубкі, фрэкен!.. Скажыце, вы калі-небудзь думалі пра замужжа? — Чаму не думала! — адказала расчоска. — Я паненка зэдлічка, на якім твой гаспадар абувае боты. — Паненка?! — усклікнуў каўнерык. Цяпер яму не было да каго сватацца, і ён пачаў з пагардай думаць пра жаніцьбу. Час ішоў, і каўнерык разам з іншым рыззём трапіў на папяровую фабрыку. Там сабраўся вялікі рыззёвы гурт. Тоненькія анучкі, як і трэба, трымаліся далей ад тоўстых. Тут у кожнай знайшлося пра тое-сёе расказаць, а ў каўнерыка, канечне, больш, чым ва ўсіх, — ён быў хвалько з хвалькоў. — У мяне была процьма нарачоных! — лапатаў ён. — Проста бегалі за мной! Ды і як не бегаць: накрухмалены, я выглядаў сапраўдным франтам! У мяне нават былі ўласная падстаўка для ботаў і грабянец, хоць я імі ніколі не карыстаўся... Паглядзелі б вы на мяне, калі я, бывала, ляжаў на баку!.. Ніколі не змагу забыць першую нарачоную — завязку! Яна была такая тонкая, пяшчотная, мяккая! З-за мяне ў балею з вадой кінулася! Была яшчэ адна, удоўка, — загарэлася да мяне такім каханнем, што аж пабялела!.. Але я яе пакінуў, і яна пачарнела з гора. Яшчэ была прыма-балерына, — гэта яна раніла мяне, бачыце? Свавольная, гарэзная была! Мая ўласная расчоска таксама кахала мяне да таго, што ажно змарнавала свае зубы. Адным словам, нямала было ў мяне розных прыгод... Але болей за ўсё мне шкада падвязку ці, лепш сказаць — завязку, бо яна з-за мяне кінулася ў балею. На жаль, нямала награшыў я... Час, час мне пераўтварыцца ў белую паперу! Жаданне яго збылося: усё рыззё пераўтварылася ў белую паперу, а каўнерык — вось у гэты самы аркушык, на якім надрукавана яго гісторыя. Так ён быў пакараны за сваю лішнюю ману. І нам варта паводзіцца асцярожней: хто ведае, можа, і таму-сяму з нас прыйдзецца некалі трапіць у ахапак лахманоў і пераўтварыцца ў белую паперу, на якой надрукуюць нашу ўласную гісторыю, і тады пойдзеш разносіць па белым свеце ўсё патаемнае пра самога сябе!
|
![]() ![]() ![]() |
|||
|
© Василий Петрович Sеменов 2001-2012
Сайт оптимизирован для просмотра с разрешением 1024х768
НЕ РАЗРЕШАЕТСЯ КОММЕРЧЕСКОЕ ИСПОЛЬЗОВАНИЕ МАТЕРИАЛОВ САЙТА!