|
|
|
|
Случайный отрывок из текста: Райнер Мария Рильке. Истории о Господе Боге. Из жизни венецианского гетто
Лёс лопуху
Перад багатаю сядзібай быў разбіты дзівосны сад з рэдкімі дрэвамі і кветкамі. Госці, якія наязджалі ў маёнтак, уголас захапляліся садам; гараджане і навакольныя сельскія жыхары знарок прыязджалі сюды ў нядзелі і святы прасіць дазволу агледзець яго; з'яўляліся сюды з тою ж мэтай і вучні розных школ са сваімі настаўнікамі. За металічнай агароджай сада, якая аддзяляла яго ад поля, вырас лопух; ён быў такі вялікі, густы і раскідзісты, што па ўсёй справядлівасці заслугоўваў назвы лопухавага куста. Але ніхто не любаваўся на яго, акрамя старога асла, які вазіў каламажку малочніцы. Ён выцягваў сваю доўгую шыю і казаў лопуху: — Які ты прыгожы! Так бы і з'еў цябе! Але вяроўка была кароткая, і аслу не ўдавалася дацягнуцца да лопуху. Неяк у садзе сабралася вялікая кампанія: да гаспадароў прыехалі знатныя госці са сталіцы, маладыя людзі, цудоўныя дзяўчаты, і між імі адна паненка здалёку, з Шатландыі, славутага роду і вельмі багатая. «Зайздросная нявеста!» — казалі халастыя маладыя людзі і іх матулі. Моладзь забаўлялася на лужку, гуляла ў кракет, затым усе накіраваліся ў сад; кожная паненка сарвала кветку і ўваткнула яе ў пятліцу аднаго з маладых людзей. А юная шатландка доўга азіралася вакол, выбірала, выбірала, ды так нічога і не выбрала; ні адна з садовых кветак не прыйшлася ёй да густу. Але вось яна глянула за агароджу, дзе рос лопух, убачыла яго сінявата-чырвоныя пышныя кветкі, усміхнулася і папрасіла сына гаспадара дома сарваць ёй адну з іх. — Гэта кветка Шатландыі! — сказала яна. — Яна красуецца ў шатландскім гербе. Дайце мне яе! І ён сарваў самую прыгожую кветку, укалоўшы сабе пры гэтым пальцы, быццам яна расла на калючай шыпшыне. Паненка прасунула кветку маладому чалавеку ў пятліцу, ён быў вельмі задаволены гэтым, ды і кожны з астатніх маладых людзей ахвотна б аддаў сваю шыкоўную садовую кветку, каб толькі атрымаць з ручак цудоўнай шатландкі хоць лопух. Але ўжо калі быў усцешаны гаспадароў сын, то што ж адчуў сам лопух? Яго як быццам акрапіла расою, асвяціла сонейкам. «Аднак я важней, чым думаў! — сказаў ён пра сябе. — Месца ж маё, бадай, у садзе, а не за дратамі. Вось, праўда, як дзіўна іграе намі лёс! Але цяпер хоць адно з маіх дзяцей перабралася за агароджу, ды яшчэ трапіла ў пятліцу!» І з таго часу лопух расказваў аб гэтай падзеі кожнаму бутону, які толькі што распускаўся. Не прайшло затым і тыдня, як лопух пачуў навіну — не ад людзей, не ад шчабятлівых пташак, а ад самога паветра, якое ўспрымае і разносіць паўсюдна найменшы гук, што пачуўся ў самых глухіх алеях сада або ва ўнутраных пакоях дома, дзе вокны і дзверы адчынены насцеж. Вецер паведаміў, што малады чалавек, які атрымаў з цудоўных рук шатландкі кветку лопуху, удастоіўся нарэшце атрымаць і руку і сэрца прыгажуні. Слаўная выйшла парачка, упаўне прыстойная партыя. — Гэта я іх сасватаў! — вырашыў лопух, успамінаючы сваю кветку, якая трапіла ў пятліцу. І кожная кветка, якая толькі распускалася, павінна была выслухаць гэтую гісторыю. «Мяне, канечне, перасадзяць у сад! — думаў лопух. — Можа быць, нават пасадзяць у гаршчок; цеснавата будзе, ну, ды затое ганарова!» І лопух так захапіўся гэтай марай, што ўжо з поўнаю ўпэўненасцю казаў: «Я траплю ў гаршчок!» — і абяцаў кожнай сваёй кветачцы, якая паяўлялася зноў, што яна таксама трапіць у гаршчок, а можа быць, нават і ў пятліцу, — вышэй за гэта ўжо трапіць не было куды! Але ні адна з кветак не трапіла ў гаршчок, не кажучы ўжо аб пятліцы. Яны ўбіралі ў сябе паветра і святло, сонечныя промні ўдзень і кропелькі расы ноччу, цвілі, прымалі візіты жаніхоў — пчол і восаў, якія шукалі пасагу, кветкавага соку, атрымлівалі яго і пакідалі кветкі. — Разбойнікі гэткія! — казаў пра іх лопух. — Так бы і пракалоў іх наскрозь, ды не магу. Кветкі панікалі галоўкамі, бляклі і завядалі, але на змену ім распускаліся новыя. — Вы з'яўляецеся якраз своечасова! — казаў ім лопух. — Я з хвіліны на хвіліну чакаю перасадкі туды, за агароджу. Нявінныя рамонкі і макрычнік слухалі яго з глыбокім здзіўленнем, шчыра верачы кожнаму яго слову. А стары асёл, які цягаў каламажку малочніцы, стаяў на прывязі каля дарогі і любоўна касавурыўся на квітучы лопух, але вяроўка была кароткая, і ён ніяк не мог дацягнуцца да куста. Лопух так многа думаў аб сваім родзічы, шатландскім лопусе, што пад канец паверыў у сваё паходжанне з Шатландыі і ў тое, што іменна яго бацькі і красаваліся ў гербе краіны. Вялікая гэта была думка, але чаму б такому вялікаму лопуху і не мець вялікіх думак? — Іншы раз паходзіш з такой славутай сям'і, што не асмелішся і здагадвацца аб тым! — сказала крапіва, якая расла непадалёк, у яе таксама было нейкае цьмянае адчуванне, што пры належным доглядзе і яна магла ператварыцца ў кісяю! Лета прайшло, прайшла і восень, лісце з дрэў асыпалася, кветкі набылі больш яркую афарбоўку, але амаль страцілі свой пах. Вучань садоўніка распяваў у садзе з таго боку металічных прутоў:
Уверх на горку, Уніз пад горку Хуткі час бяжыць! Маладзенькія елачкі ў лесе пачалі ўжо мардавацца перадкалядным сумам, але да каляд было яшчэ далёка. — А я ўсё яшчэ тут стаю! — сказаў лопух. — Нікому як быццам і справы да мяне няма, а я ж наладзіў вяселле! Яны заручыліся, ды і пажаніліся вось ужо тыдзень таму назад! Што ж, сам я кроку не зраблю — не магу! Прайшло яшчэ некалькі тыдняў. На лопусе красавалася ўжо толькі адна кветка, апошняя, але вялікая і пышная. Вырасла яна амаль каля самых каранёў, вецер абвяваў яе холадам, фарбы яе звялі, і чашачка, такая вялікая, быццам у кветкі артышоку, нагадвала цяпер высерабраны сланечнік. У сад выйшла маладая парачка, муж і жонка. Яны ішлі ўздоўж садовай агароджы, і маладая жанчына зірнула праз яе. — А вось ён, вялікі лопух! Усё яшчэ стаіць! — усклікнула яна. — Але на ім няма больш кветак! — Не, бачыш вунь марны цень апошняй! — сказаў муж, паказваючы на высерабраныя рэшткі кветкі. — А яна ўсё-такі прыгожая! — сказала жонка. — Трэба загадаць выразаць такую ж на рамцы вакол нашага партрэта. І маладому мужу зноў давялося пералезці цераз агароджу і сарваць кветку лопуху. Кветка ўкалола яму пальцы — малады ж чалавек абазваў яе «марным ценем». І вось кветка трапіла ў сад, у дом і нават у залу, дзе вісеў партрэт маладажонаў, напісаны маслянымі фарбамі. У пятліцы ў маладога была адлюстравана кветка лопуху. Пагаварылі і аб гэтай кветцы, і аб той, якую толькі што прынеслі; яе вырашана было выразаць на рамцы. Вецер падхапіў гэтыя размовы і разнёс іх далёка-далёка па ўсёй ваколіцы. — Чаго толькі не прыходзіцца перажыць! — сказаў лопух. — Мой першынец трапіў у пятліцу, мой паследак трапіў у рамку! Куды ж траплю я? А асёл стаяў каля дарогі і касавурыўся на яго: — Падыдзі ж да мяне, салодкі мой! Я не магу падысці да цябе — вяроўка кароткая! Але лопух не адказваў; ён усё больш і больш акунаўся ў думы. Так ён прадумаў амаль да каляд і нарэшце расцвіў думкай: «Калі дзеткі ўладкаваны добра, бацькі могуць прастаяць і за металічнымі прутамі!» — Вось гэта высакародная думка! — сказаў сонечны прамень. — Але і вы зоймеце ганаровае месца! — У гаршку ці ў рамцы? — спытаў лопух. — У казцы! — адказаў прамень. Вось яна, гэтая казка!
|
![]() ![]() ![]() |
|||
|
© Василий Петрович Sеменов 2001-2012
Сайт оптимизирован для просмотра с разрешением 1024х768
НЕ РАЗРЕШАЕТСЯ КОММЕРЧЕСКОЕ ИСПОЛЬЗОВАНИЕ МАТЕРИАЛОВ САЙТА!